top of page
Search

Якія бонусы чакаюць работнікаў, што заключылі кантракт?

Заключаючы кантракт, работнік атрымлівае не толькі абавязкі, але і можа разлічваць на дадатковыя бонусы. Якія менавіта? Разбіраемся ў ключавых аспектах стымулявання працы.


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Згодна з артыкулам 261(2) Працоўнага кодэкса, работніку, з якім заключаны кантракт, прадастаўляюцца наступныя дадатковыя меры стымулявання працы:


– прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага адпачынку да пяці каляндарных дзён з захаваннем сярэдняга заробку;


– павышэнне тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу) не больш чым на 50 працэнтаў, калі большы памер не прадугледжаны заканадаўствам, а для работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі і прыроўненыя па аплаце працы да бюджэтных арганізацый, даплата ў памеры не больш чым 50 працэнтаў акладу.


Для работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, а іх работнікі прыроўненыя па аплаце працы да бюджэтных арганізацый, памер названай даплаты ўстанаўліваецца (змяняецца) у межах сродкаў, прадугледжаных згодна з заканадаўствам на аплату працы на адпаведны фінансавы (каляндарны) год.


Варта адзначыць, што заканадаўствам не вызначаны канкрэтныя памеры дадатковых мер стымулявання працы ні для адной катэгорыі работнікаў – устаноўлена толькі верхняя мяжа, а ніжняя адсутнічае.


Наймальнік вызначае іх самастойна, улічваючы складанасць і напружанасць выконваемай працы, прафесійныя і дзелавыя якасці работніка, у межах, устаноўленых заканадаўствам. Гэты парадак можа быць замацаваны ў лакальным прававым акце, які дзейнічае ў наймальніка (напрыклад, у калектыўным дагаворы, палажэнні аб аплаце працы і г.д.).


Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) заўсёды выступаў супраць масавага заключэння кароткатэрміновых кантрактаў, лічачы такую практыку абмежаваннем правоў работнікаў. Аднак, нягледзячы на гэта, работнікі павінны быць інфармаваныя аб магчымасцях, якія можна з гэтага атрымаць, і ведаць пра дадатковыя меры стымулявання, прадугледжаныя заканадаўствам.


Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Чытаць гэты тэкст на русском

Commentaires


Les commentaires ont été désactivés.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page