top of page
Search

Што трэба ведаць работніку аб камандзіроўках?

Службовыя камандзіроўкі - гэта не толькі часовыя паездкі па даручэнні працадаўцы, але і гарантыі захавання заработнай платы, кампенсацыі выдаткаў і прававыя нюансы, якія важна ведаць кожнаму работніку. Якія выдаткі павінен пакрыць наймальнік? Як правільна аформіць камандзіроўку? І ў якіх выпадках патрабуецца згода самога супрацоўніка?



Згодна з артыкулам 91 Працоўнага кодэкса службовай камандзіроўкай прызнаецца паездка работніка па распараджэнні наймальніка на пэўны тэрмін у іншую мясцовасць для выканання службовага задання па-за месцам яго пастаяннай работы.


Пры гэтым, не лічацца службовымі камандзіроўкамі службовыя паездкі работнікаў, пастаянная работа якіх працякае ў дарозе або носіць раз'язны або рухомы характар, а таксама ў межах населенага пункта, дзе размяшчаецца наймальнік.

На работнікаў, якія знаходзяцца ў службовай камандзіроўцы, распаўсюджваецца рэжым працоўнага часу і часу адпачынку, устаноўлены па месцы службовай камандзіроўкі.


Накіраванне работнікаў у службовую камандзіроўку афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка (артыкул 93 Працоўнага кодэкса). Неабходнасць выдачы работнікам камандзіровачнага пасведчання вызначаецца наймальнікам, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі. Форма камандзіровачнага пасведчання ўстанаўліваецца наймальнікам.


Накіраванне ў службовую камандзіроўку на тэрмін звыш 30 каляндарных дзён дапускаецца толькі са згоды работніка.

Днём выбыцця ў службовую камандзіроўку лічыцца дзень адпраўлення (выезду) цягніка, самалёта, аўтобуса або іншага транспартнага сродку з месца пастаяннай работы камандзіраванага, а днём прыбыцця - дзень прыезду названага транспарту да месца пастаяннай работы. Пры адпраўленні транспарту да 24 гадзін уключна днём выбыцця лічацца бягучыя суткі, а з 0 гадзін і пазней - наступныя суткі.


Час заканчэння працы ў дзень выбыцця вызначаецца па дамоўленасці з наймальнікам. У выпадку прыбыцця да заканчэння працоўнага дня пытанне аб часе яўкі на працу ў гэты дзень вырашаецца ў тым жа парадку.


За работнікамі, накіраванымі ў службовую камандзіроўку, захоўваюцца месца працы, пасада служачага (прафесія рабочага) і заработная плата на працягу ўсяго тэрміну службовай камандзіроўкі, але не ніжэй за сярэдні заробак за ўсе працоўныя дні тыдня па графіку пастаяннага месца працы (артыкул 95 Працоўнага кодэкса).


Пры службовых камандзіроўках наймальнік абавязаны выдаць аванс і кампенсаваць работніку наступныя выдаткі:


  1. па праездзе да месца службовай камандзіроўкі і назад;

  2. па найму жылога памяшкання;

  3. за пражыванне па-за месцам жыхарства (сутачныя);

  4. iншыя зробленыя работнiкам з дазволу або ведама наймальніка расходы.


Парадак і памеры кампенсацыі расходаў, гарантыі і кампенсацыі пры службовых камандзіроўках устанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.


Прадугледжаныя ў калектыўным дагаворы, пагадненні або наймальнікам памеры кампенсацыі расходаў не могуць быць ніжэйшыя за памеры, устаноўленыя для бюджэтных арганізацый.


Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Read this text in рус

Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page