Кожны работнік мае не толькі абавязкі, пра якія так любіць казаць начальства, але і правы, абароненыя законам. Ці ведаеце вы, што вам гарантаванае права на бяспечныя ўмовы працы, справядлівую аплату і абарону ад умяшання ў асабістае жыццё? Ці што вы можаце адмовіцца ад небяспечнай працы, калі ўмовы пагражаюць вашаму жыццю і здароўю? Тут мы абазначылі ключавыя моманты, якія дапамогуць вам адстойваць свае інтарэсы і заставацца ўпэўненым у абароне вашых правоў.
У адпаведнасці з артыкулам 11 Працоўнага кодэкса работнікі маюць права на:
працу як найболей годны спосаб самасцвярджэння чалавека, што азначае права на выбар прафесіі, роды заняткаў і працы ў адпаведнасці з прызначэннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх запатрабаванняў, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы;
абарону эканамічных і сацыяльных правоў і інтарэсаў, уключаючы права на аб'яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў, пагадненняў і права на забастоўку;
удзел у сходах;
удзел у кіраванні арганізацыяй;
гарантаваную справядлівую долю ўзнагароджання за працу ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае работнікам і іх сем'ям свабоднае і дастойнае існаванне;
штодзённы і штотыднёвы адпачынак, у тым ліку выхадныя дні ў час дзяржаўных свят і святочных дзён;
дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, гарантыі ў выпадку інваліднасці і страты працы;
неўмяшанне ў прыватнае жыццё і павага асабістай годнасці;
судовую і іншую абарону працоўных правоў.
Згодна з артыкулам 11 Закона «Аб ахове працы» работнікі маюць права на:
атрыманне ад працадаўцы дакладнай інфармацыі аб стане ўмоў і аховы працы на працоўным месцы, а таксама аб сродках абароны ад уздзеяння шкодных і (або) небяспечных вытворчых фактараў;
- навучанне бяспечным метадам і прыёмам працы, правядзенне інструктажу па пытаннях аховы працы;
- асабісты ўдзел або ўдзел праз свайго прадстаўніка ў разглядзе пытанняў, звязаных з забеспячэннем бяспечных умоў працы, правядзенні органамі, упаўнаважанымі на ажыццяўленне кантролю (нагляду), ва ўстаноўленым парадку праверак выканання заканадаўства аб ахове працы на яго працоўным месцы, расследаванні няшчаснага выпадку, які адбыўся з ім на вытворчасці і (або) яго прафесійнага захворвання.
Работнік акрамя правоў, указаных у артыкуле 11 Закона "Аб ахове працы", мае права на:
працоўнае месца, якое адпавядае патрабаванням па ахове працы;
забеспячэнне неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны, сродкамі калектыўнай абароны, санітарна-бытавымі памяшканнямі, абсталяванымі неабходнымі прыладамі і сродкамі;
адмова ад выканання даручанай працы ў выпадку ўзнікнення непасрэднай небяспекі для жыцця і здароўя яго і навакольных да ўстаранення гэтай небяспекі, а таксама пры непрадастаўленні яму сродкаў індывідуальнай абароны, якія непасрэдна забяспечваюць бяспеку працы.
Пры адмове ад выканання даручанай работы па ўказаных падставах работнік абавязаны неадкладна пісьмова паведаміць работадаўцу або ўпаўнаважанай службовай асобе наймальніка аб матывах такой адмовы, падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку, за выключэннем выканання вышэйназванай работы.
Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.
Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.
Читать этот текст по-русски
Comments