24-26 студзеня прадстаўнікі шведскіх прафсаюзаў і асацыяцыі Salidarnast сабраліся ў Брэмене для абмеркавання актуальных пытанняў, звязаных з правамі працоўных у Беларусі.
Дэлегацыя шведскіх прафсаюзных аб'яднанняў LO, TCO, Saco, іх сяброўскіх арганізацый (ST, Unionen, SSR, SRAT) і арганізацыі Union to Union прыбыла з азнаямленчым візітам для далейшага супрацоўніцтва з e.v. Salidarnast.
Сустрэча, якая праходзіла ў доме прафсаюзаў Брэмена, стала важнай пляцоўкай для абмену інфармацыяй і стратэгічных ідэй, накіраваных на ўздзеянне на сітуацыю з правамі прафсаюзаў у Беларусі.
Кіраўнік асацыяцыі Salidarnast Лізавета Мерляк прадставіла міжнародную і гуманітарную дзейнасць арганізацыі. Марыя Тарадзецкая акрэсліла рамкі супрацоўніцтва асацыяцыі ў публічным сектары з медыкамі, выкладчыкамі і студэнтамі з Беларусі. Абмяркоўваліся пытанні падтрымкі беларускіх прафсаюзаў, якія падаўляюцца ўладамі, а таксама планы супрацоўніцтва для вызвалення зняволеных прафсаюзных актывістаў і лідараў.
Другі дзень сустрэчы быў прысвечаны абмеркаванню прымянення 33 параграфа Статута Міжнароднай Арганізацыі Працы (МАП) да Беларусі і праблеме прымусовай працы. Максім Пазнякоў, выконваючы абавязкі старшыні БКДП, падзяліўся вопытам прымянення 33 параграфа і наяўнасці цяжкасцей у гэтым напрамку.
Марыя Жарылоўская расказала аб практыцы прымянення прымусовай працы ў краіне і аб інфармацыйнай кампаніі, накіраванай на прыцягненне ўвагі беларускіх і замежных СМІ да гэтай праблемы. Сабраная інфармацыя будзе ўключана ў справаздачу для МАП і зварот да Спецыяльных дакладчыкаў ААН па сучасных формах рабства. Юрыст Асацыяцыі Леанід Судаленка, былы палітвязень, распавёў пра свой асабісты досвед знаходжання ў турме, умовы працы і стаўленне да палітычных зняволеных.
У рамках візіту шведскіх прафсаюзнікаў адбылася сустрэча з першай жанчынай-прэзідэнтам мясцовага парламента Брэмена - Анцье Гротэр (Antje Grotheer). Прадстаўніца Сацыял-дэмакратычнай партыі выказала важнасць падтрымкі прафсаюзных актывістаў з Беларусі.
Яна адзначыла, што ганзейская гісторыя горада і міжнародны гандаль абумовілі інтэрнацыянальнасць і мультыкультурнасць Брэмена. Таму гарадскія ўлады з разуменнем паставіліся да сітуацыі з прафсаюзнымі актывістамі з Беларусі, таксама, як у пачатку 80-х гг мінулага стагоддзя, у горадзе знайшлі свой другі дом і прадстаўнікі польскай "Салідарнасці".
Кіраўнік прафсаюзаў Брэмена Эрнэста Хардэр, які адыграў важкую ролю ў пераездзе беларускіх прафактывістаў у Брэмен, адзначыў, што падтрымка мясцовага ўрада і DGB дазволіла аператыўна дапамагчы палітычным уцекачам. І сёння актывісты e.v. Salidarnast, сталі часткай брэменскай прафсаюзнай сям'і і грамадства.
У сваю чаргу, Максім Пазнякоў падзякаваў і прэзідэнту парламенту і кіраўніку брэменскіх прафсаюзаў за тое, што горад стаў для беларускіх прафсаюзнікаў і іх сем'яў другім домам і пляцоўкай для далейшай барацьбы за дэмакратыю і прафсаюзны рух: «Гэты крок салідарнасці важны для ўсяго сусветнага прафсаюзнага руху ў цэлым».
Напрыканцы сустрэчы Лізавета Мерляк уручыла прэзідэнту парламента футболку з заклікам вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі, падкрэсліваючы важнасць сусветнай салідарнасці ў абароне правоў чалавека.
Commentaires