top of page
Search

Усе фігуранты справы «Рабочага руху» на судзе адмовіліся даваць паказанні

У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада праходзіць суд па справе «Рабочага руху», фігурантамі якой з'яўляюцца дзесяць палітзняволеных. Палітвязням пагражае да 15 гадоў калоніі.


Усе фігуранты справы «Рабочага руху» на судзе адмовіліся даваць паказанні
Photo: spring96.org

На лаве падсудных — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандар Капшуль. Шасцёра з іх сябры Беларускага Незалежнага прафсаюза, ліквідаванага рэжымам у ліпені гэтага году.


Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).


Палітвязням пагражае да 15 гадоў зняволення. Працэс разглядае суддзя Аляксандар Піскуноў. Раней усе дзесяцёра падсудных не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве.

На працэсе даследавалі матэрыялы справы, дапыталі пацярпелых і сведкаў. Меў адбыцца таксама допыт палітвязняў, але ўсе яны адмовіліся даваць паказанні, піша «Вясна». Таму цяпер на працэсе агучваюцца ранейшыя паказанні, якія яны давалі падчас следства ў КДБ. Тады допыты фіксавалі на відэа — яны дэманструюцца ў судовай залі.


27 снежня працэс у справе «Рабочага руху» закрылі да вынясення прысуду, піша «Вясна».


«Рабочы рух» узнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідары і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзення сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.


Крыніца: svaboda.org

Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page