19 красавіка ў цэнтры Берліна, каля Брандэнбургскай брамы адбыўся пікет, арганізаваны Асацыяцыяй «Салідарнасць» з патрабаваннем вызвалення прафсаюзных лідараў з беларускіх турмаў.
Мерапрыемства было прымеркаванае да гадавіны масавых арыштаў 19 красавіка 2022 года, калі КДБ правёў масавыя ператрусы ва ўсіх офісах дэмакратычных прафсаюзаў.
У той дзень было затрымана каля 20 актывістаў, лідараў і супрацоўнікаў чатырох прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Арышты прайшлі і ў самім прафцэнтры. Тады былі затрыманыя - старшыня БКДП
Аляксандр Ярашук, яго намеснік Сяргей Антусевіч і бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім.
У выніку арыштаў, якія трывалі яшчэ цэлы месяц, былі затрыманыя больш за тры дзясяткі прафсаюзных дзеячаў. Практычна ўсе яны былі асуджаныя на розныя тэрміны ад палутара да дзевяці гадоў калоніі. Пра гэта распавёў у пачатку мерапрыемства сябра выканкама БКДП Павел Сакалоўскі.
Удзельнікі акцыі выставілі на Парыжскай плошчы Берліна банеры з фатаграфіямі арыштаваных прафсаюзных лідараў і плакаты з патрабаваннем іх вызвалення.
У пікеце прынялі ўдзел і прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэта (БХК) - Эдуард Баланчук, які ў сваім выступе адзначыў пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі не толькі з правамі прафсаюзаў, але і з фундаментальнымі правамі чалавека:
- КДБ унёс у спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. БХК засяроджваў увагу праваабарончых арганізацый на гэтым факце і заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў, іх лідараў і сяброў, выдаліць прафсаюз РЭП са спісу экстрэмісцкіх фармаванняў.
Рубен Цаноф, які прадстаўляе Міжнародную сацыялістычную лігу, адзначыў і тое, што дыктатарскі рэжым стаў плацдармам для нападу на Украіну, тым самым распаўсюдзіўшы бяспраўе і аўтакратыю на суседнія краіны:
- Нягледзячы на амаль 30-гадовае самаўпраўства , рэжым не дамогся поўнага падпарадкавання працоўных і беларускага народа. Вось чаму рэжым сутыкнуўся з забастоўкамі, масавымі акцыямі пратэсту ў 2020 годзе.
Падтрымаць патрабаванні вызвалення палітычных зняволеных прыйшлі і дэпутаты Бундэстага ад «Альянс 90/Зялёныя» - Хельге Лімбург і Беата Мюлер-Гемеке. Абодва дэпутаты з'яўляюцца сімвалічнымі хроснымі палітычных зняволеных Андрэя Пагерыла і Ганны Аблаб суадносна.
Сярод палітычных зняволеных нямала жанчын, гэта адзначыла ў сваім выступе кіраўніца жаночага накірунку Беларускага Незалежнага прафсаюза Святлана Ушчапоўская, якая распавяла пра ўмовы ўтрымання і ціску на жанчын і пажылых людзей у калоніях ды турмах у Беларусі.
Акрамя выступаў і заклікаў, удзельнікі акцыі раздавалі мінакам матэрыялы, якія тлумачаць тое, што адбываецца ў Беларусі, і буклеты «Салідарнасці», заклікаючы падтрымаць кампанію на LaborStart, якая стартавала ў гэты дзень з патрабаваннем вызвалення прафсаюзных лідараў.
Join our team, disseminate our information, and support our activities with a donation.
Comments