top of page
Search

У МАП прайшоў круглы стол па парушэннях правоў працоўных у Беларусі

28 мая ў штаб-кватэры Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэневе адбыўся круглы стол, прысвечаны выкананню рэзалюцыі МАП у адносінах да Беларусі, прынятай 12 чэрвеня 2023 года на Міжнароднай канферэнцыі працы. Рэзалюцыя заклікае да дзеянняў у адпаведнасці з артыкулам 33 Статута МАП для забеспячэння выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні.


Выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў

Гэты круглы стол высокага ўзроўню з'яўляецца часткай плана дзеянняў, прынятага ў сакавіку 2024 года Адміністрацыйнай радай МАП па выкананні рэзалюцыі Канферэнцыі МАП. Мануэла Томей, памочнік Генеральнага дырэктара МАП, старшынствавала на круглым стале.


Нагадаем, што Ўрад Беларусі на працягу дзесяцігоддзяў парушае асноўныя правы працоўных. У сувязі з гэтым была створана следчая камісія для праверкі захавання Урадам Рэспублікі Беларусь Канвенцыі аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права на арганізацыю 1948 года (№87) і Канвенцыі 1949 года аб праве на арганізацыю і вядзенне калектыўных перагавораў (№98).


Спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын у сваім выступе апісала сітуацыю з правамі чалавека і прафсаюзным рухам у Беларусі. Яна адзначыла маштабы рэпрэсій, якія закранулі, у прыватнасці, сябра Адміністрацыйнай рады МАП і старшыню БКДП Аляксандра Ярашука, праваабаронцу і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Яны да гэтага часу знаходзяцца ў турмах, як і амаль паўтары тысячы іншых палітычных зняволеных.


Варта адзначыць, што прадстаўнікі ўрада Беларусі адмовіліся прыняць удзел у круглым стале, адмаўляючы абвінавачанні ў іх бок.


Таксама выступілі Джына Рамэра, спецыяльны дакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый і Маргарэт Сатэртуэйт, спецыяльны дакладчык па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў.


З боку працоўных у паседжанні прынялі ўдзел Антон Лепік ад Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў(ITUC), Кемаль Озкан ад Глабальнага саюза IndustriALL. А таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).


Выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў зазначыў, што прайшоў ужо год пасля прыняцця рэзалюцыі МАП па Беларусі, якая прадугледжвае прымяненне артыкула 33 Статута МАП. Аднак за гэты год у краіне мала што змянілася: рэпрэсіі працягваюцца, а прафсаюзнікаў працягваюць арыштоўваць. МАП так і не атрымаў магчымасці ўбачыць, у якіх умовах знаходзяцца вязні - прафсаюзныя лідары.


Прадстаўнікі МАП на працягу года прапаноўвалі ўраду розныя варыянты камунікацыі з мэтай выхаду з сітуацыі. Аднак гэтыя прапановы былі праігнараваныя беларускім бокам, што толькі нагнятае дадатковую напружанасць і ўскладняе абстаноўку.


Пазнякоў адзначыў, што заявы ўрада Беларусі аб тым, што рэзалюцыя ўводзіць санкцыі супраць краіны, накіраваныя на пагаршэнне сітуацыі працоўных, з'яўляюцца спекуляцыяй, каб зняць з сябе адказнасць і адвесці дыскусію ў палітычную плоскасць.


Ён заклікаў сябраў МАП больш актыўна выкарыстоўваць інфармацыю пра Беларусь у камунікацыях з беларускім урадам:


«Вы можаце нагадваць ім, што ў дачыненні да іх прынятая такая рэзалюцыя і артыкул 33. У Беларусі ёсць зняволеныя прафсаюзнікі, якія несправядліва пасаджаныя ў турмы за іх прафсаюзную дзейнасць. Гэта могуць рабіць і ўсе працадаўцы, якія маюць дачыненне да Беларусі. Такія згадкі змогуць наблізіць нас да вызвалення нашых таварышаў з турмаў і змены сітуацыі».

У завяршэнне свайго выступу ён падкрэсліў, што прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў не імкнуцца знішчыць беларускую эканоміку і задушыць краіну санкцыямі.


"Наша задача - каб беларуская дзяржава навучылася паважаць міжнароднае права, вярнула права на свабоду аб'яднання, выпусціла незаконна асуджаных прафсаюзнікаў і аднавіла незалежныя прафсаюзы".

Інфармацыя, прадстаўленая падчас круглага стала, будзе даведзена да спецыяльнага пасяджэння Камітэта МАП па прымяненні стандартаў (CAS), якое праводзіцца для абмеркавання прымянення Канвенцый № 87 і 98 урадам Беларусі і выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Адмысловае паседжанне CAS адбудзецца ў сераду, 5 чэрвеня.


Read this text in бел or eng


  • Facebook
  • Twitter
bottom of page