У Мазыры перад прыездам Лукашэнкі сілавікі затрымалі па палітычных матывах не менш за 5 чалавек. Фрагменты затрыманняў паказалі ў тэлеграм-канале сілавікоў. Флагшток здолеў ідэнтыфікаваць аднаго з затрыманых.
Па дадзеных выдання, Шуканава затрымалі 1 жніўня ў лабараторыі аўтаматызацыі і сувязі Мазырскага НПЗ.
Першае затрыманне зрабіла служба бяспекі завода прама на яго тэрыторыі. Затым, пры выхадзе з прахадной, ахоўнікі высадзілі Шуканава з завадскога УАЗа, для далейшай яго перадачы супрацоўнікам ГУБАЗіКу.
Сілавікі ўжо чакалі завадчаніна ў шэрым мікрааўтобусе МАЗ з мінскімі нумарамі АМ 6046-7. У новай аперацыі па захопе ўдзельнічалі пяць супрацоўнікаў міліцыі. Двое з іх правялі затрыманне, абклаўшы Шуканава тварам на асфальт, пры гэтым адзін з міліцыянтаў утрымліваў яго шыю каленам.
Гомельская Вясна запісала сведчанні збіцця завадчаніна, якое не трапіла на відэа:
«Мы ўбачылі, што яны выцягнулі з машыны пажылога сівога мужчыну, кінулі яго на зямлю і, надзеўшы на яго кайданкі, пачалі жорстка збіваць. Я і ўсе навакольныя жанчыны былі проста ў шоку: завошта? Яны білі яго рукамі і нагамі па розных частках цела на працягу некалькіх хвілін».
Ужыванне празмерных мераў пры затрыманні было накіраванае на запалохванне — гэтаму былі сведкамі працоўныя завода, якія знаходзіліся на прыпынку ля прахадной. Таксама мэтай было стварэнне відэаматэрыялу для ведамаснага міліцэйскага Telegram-канала.
Нагодай затрымання Ігара Шуканава сталі перапосты незалежных СМІ на асабістай старонцы ў Facebook, у якіх выяўлялася нязгода з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У той жа дзень 1 жніўня Ігара Шуканава асудзілі па другой частцы артыкула 19.11 "Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў". Рашэнне суда невядома. 6 жніўня змест асабістай старонкі мазыраніна быў выдалены.
Читать этот текст по-русски
Comments