У Жэневе, 4 чэрвеня на Плошчы нацый а 13:30, запланавана акцыя пратэсту з мэтай прыцягнення ўвагі да лёсаў дзясяткаў прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Месца і час акцыі абрана не выпадкова. У гэты момант у Жэневе будзе праходзіць Міжнародная Канферэнцыя Працы, на якой будзе абмяркоўвацца сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі.
У Беларусі цягам апошніх трох гадоў былі асуджаныя на розныя турэмныя тэрміны больш за 50 прафсаюзных лідараў і актывістаў. Рэжымам былі ліквідаваны больш за 800 грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Сярод іх 4 незалежныя прафсаюзы і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).
Асуджаныя прафсаюзныя актывісты ўносяцца ў спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў. Кожны дзень мы чуем пра новыя і новыя арышты, катаванні, ператрусы, штрафы ў Беларусі, дзе тэрор стаў неад'емнай часткай жыцця і ментальна вярнуў нас у жудаснае мінулае сталінскіх рэпрэсій.
Мінулае нам падказвае: калі не пярэчыць злу - гэта толькі дазваляе яму станавіцца крыважэрней. Мы заклікаем працоўных усяго Свету далучыцца да нашай барацьбы з патрабаваннем вызвалення прафсаюзных зняволеных і спынення тэрору ў Беларусі.
Любыя вашыя дзеянні дапамогуць прыцягнуць увагу да лёсу зняволеных і дапамагчы прафсаюзным актывістам у Беларусі.
Мы разлічваем, што вы далучыцца да нас у гэтай важнай місіі. Бо салідарнасць – адна з самых дзейсных прыладаў працоўных, якая дазваляе працоўным і прафсаюзам змагацца за свае правы і інтарэсы. Беспакаранае знішчэнне прафсаюзаў і масавыя арышты працоўных - агідны прыклад грэбавання фундаментальнымі правамі чалавека, і гэта не павінна застацца незаўважаным.
Акцыя пройдзе пад лозунгам: Прафсаюзная дзейнасць - не экстрэмізм!
Мітынг у падтрымку беларускіх прафсаюзнікаў, якія знаходзяцца ў турмах, запланаваны з 13.30 да 14.30 на Плошчы нацый.
Comments