20 лістапада, у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) прайшла канферэнцыя пад назвай "Права на забастоўку, абарона ад прыгнёту і свабода аб'яднанняў: сацыяльныя і навуковыя праблемы ў глабальнай і лакальнай перспектыве". У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый і міжнародныя госці.
Пасля адкрыцця канферэнцыі выступіла доктар Людміла Ульяшына з дакладам аб свабодзе аб'яднання і праве на ўступленне ў прафсаюзы ў Беларусі. Юлія Астроўская, навуковая супрацоўніца Інстытута сацыялогіі РАН, асвятліла тэму выкаранення гвалту і харасменту ў сферы працы, звязанага з кампаніяй па прыняцці Канвенцыі №190 МАП. Дакладчыкі з Літвы падзяліліся спецыфікай у сферы свабоды асацыяцый у сваёй краіне і праблемамі пераследу, асветленымі праз прызму ЛГБТІ.
Другі блок канферэнцыі быў прысвечаны правам працаўнікоў і правам чалавека з пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў.
Кіраўнік аддзела па свабодзе аб'яднання МАП Аксана Вольфсан, дала агляд міжнародных стандартаў свабоды аб'яднання і механізмаў абароны, спыніўшыся на праблемах беларускай сітуацыі з правамі працоўных і працэсе прымянення 33 параграфа Статута МАП у дачыненні да Беларусі.
Яна падкрэсліла, што ўсе станоўчыя змены, дасягнутыя місіяй МАП у апошнія гады, былі ануляваны ў 2020 годзе. Прадстаўнікі Беларусі не ідуць на саступкі, аднак працягваюць удзельнічаць у перамовах.
Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), Максім Пазнякоў, падзяліўся інфармацыяй аб зараджэнні, развіцці і знішчэнні прафсаюзнага руху пры рэжыме Лукашэнкі. Юрый Рававой, які прадстаўляе ініцыятыву "Рабочы Рух", сфакусаваў увагу на поспехах і няўдачах рабочага пратэсту ў перыяд масавых выступленняў жніўня-кастрычніка 2020 года.
Прафсаюзным вопытам падзялілася міжнародны сакратар нарвежскага прафсаюзнага аб'яднання LO Яніна Унлі, прапаноўваючы свой погляд, які можа аказацца карысным выкладчыкам і студэнтам пры стварэнні ўласных прафсаюзаў на базе ЕГУ.
Напрыканцы выступленняў удзельнікі пачалі абмеркаванне ролі ЕГУ ў фармаванні грамадзянскай супольнасці, абароне правоў чалавека ў кантэксце свабоды аб'яднанняў і правоў прафсаюзаў.
У рамках канферэнцыі, на адным з паверхаў універсітэта, была адкрыта выстава, прысвечаная рэпрэсаваным лідарам і актывістам беларускага працоўнага руху.
Comments