У горадзе Узда, Мінскай вобласці, мясцовыя сілавікі пераследуюць былога актывіста прафсаюза РЭП Віктара Крываля. У арсенале мясцовых уладаў – адміністрацыйныя арышты і звальненне з працы.
Віктар адбыў 15-сутачны арышт па надуманым абвінавачанні ў нібыта “невыкананні законнага распараджэння або патрабаванні службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў”. Падчас адбывання арышту яго звольнілі з працы, і цяпер ён плануе абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе, каб вярнуць сваё працоўнае месца.
Яго спробы абскарджання адміністрацыйнага арышту ў Мінскім абласным судзе і скаргі на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў, прадказальна для Беларусі, не прынеслі вынікаў.
Акрамя таго, на былога актывіста было складзена некалькі супярэчлівых пратаколаў. На думку сілавікоў ён назваў супрацоўнікаў ІЧУ Уздзенскага аддзялення міліцыі “фашыстамі”.
Цяпер яго абвінавачваюць у абразе службовых асоб. Судовае паседжанне па гэтай справе было адкладзенае з-за нечаканай неабходнасці абвінавачанага прайсці хірургічную аперацыю.
Сітуацыя з Віктарам Крывалем з'яўляецца адным са мноства прыкладаў пераследу былых прафсаюзных актывістаў у Беларусі.
Kommentare