Сёння спаўняецца 37 гадоў з дня Чарнобыльскай аварыі якая змяніла не толькі экалагічную абстаноўку ў Беларусі і Украіне, але і стала прычынай палітычных зменаў і паспрыяла развалу СССР. Малавядомы гістарычны факт, што сярод арганізатараў пратэстаў канца 80-х у БССР былі не толькі прадстаўнікі Народнага фронту, але і прафсаюзы.
Мала хто ведае, што станаўленне новых прафсаюзаў адбывалася ў тым ліку і на тэме наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Прычынай тых зменаў сталі пратэсты супраць злачыннага маўчання савецкага кіраўніцтва аб наступствах трагедыі. Між тым у 1990 годзе здарылася падзея, якая паскорыла адкрыццё праўды пра рэальныя маштабы аварыі. Гаворка пра «Марш за выжыванне» на Маскву, у які з ініцыятывы прафсаюзных лідараў выправіліся некалькі сотняў гомельцаў.
26 красавіка 1990 году, у чацвёртую гадавіну падзеяў на ЧАЭС, спыніўся завод «Гомсельмаш». Прафсаюзы арганізавалі страйк, запатрабаваўшы праўды пра пагрозу, якую прынёс з сабой «мірны атам».
На мітынг у цэнтры гораду выйшлі больш за 5 тысяч чалавек. У выніку генеральны дырэктар Станіслаў Дрозд выдаў указ аб перадачы кіравання страйкаму на чале з Аляксандрам Бухвоставым. Акцыю падтрымалі шэраг іншых прадпрыемстваў.
На наступны дзень у Гомель прыехалі Яфрэм Сакалоў і Аляксей Камай — першы і другі сакратары ЦК КПБ адпаведна. Іх ужо чакалі тысячы абураных працоўных. Дыялёгу не атрымалася: партыйцам не было чаго сказаць людзям, ківалі на Крэмль — маўляў, усе рашэнні прымаюцца там.
У наступныя месяцы мітынговая актыўнасць не спынялася, а на адным са збораў было прынята рашэнне рыхтаваць паход на Маскву. Яго арганізацыяй даручылі заняцца Аляксандру Бухвоставу.
Пасля гэтага паўтара дзясятка аўтобусаў, упрыгожаныя лозунгамі «Далоў КПСС», «КПСС — на ЧАЭС» ды іншымі, узялі курс на Расею. Месцы ў салонах занялі больш за 300 пратэстоўцаў.
У Маскве пратэстоўцаў прыняў старшыня Савету Міністраў Мікалай Рыжкоў, які апраўдваўся, што навукоўцы самі толкам не разумеюць, што рабіць, а таму няма дзяржаўнай праграмы ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
- Першаму ж сакратару ЦК КПБ Яфрэму Сакалову не далі нават слова сказаць: як толькі ён пайшоў да трыбуны, пачаўся свіст, тупат, — гаворыць Аляксандар Бухвостаў. — Абвінавачвалі яго ў тым, што наўмысна змяншае перад Масквой маштаб трагедыі, а гэта само па сабе злачынства. Сакалоў пастаяў, паслухаў, што пра яго думаюць, махнуў рукой ды сеў на месца. Агулам сустрэча працягвалася тры гадзіны, мы падрыхтавалі свае патрабаванні на імя Гарбачова, якія перадалі Рыжкову.
Праз два тыдні ў Гомель прыбыла ўрадавая камісія на чале з віцэ-прэмʼерам па надзвычайных сітуацыях Віталём Дагужыевым. Некалькі тыдняў там працавалі, была прынятая праграма дзеянняў. Але наперадзе замаячылі непазбежныя працэсы развалу СССР і Беларусь з чарнобыльскімі праблемамі ўрэшце засталася сам-насам.
Праблемы наступстваў аварыі канчаткова не вырашаныя і сёння. Шматлікая колькасць забруджаных ворных земляў была вернута ў выкарыстанне, да таго ж сама тэма Чарнобыльскай трагедыі традыцыйна прымяншаецца рэжымам Лукашэнкі.
Год таму ён заявіў: «Не буду казаць, што мы перамаглі Чарнобыль, але па мардасах яму надавалі моцна. Мы справіліся з рашэннем гэтай задачы». Пра што ён кажа, так і не зразумела. Магчыма пра то, што перыяд паўраспаду ізатопаў цэзія і стронцыя роўны 30 гадам і праблема з цягам часу сама вырашаецца.
Нягледзячы на тое, што Беларусь адна з нешматлікіх краін свету, што пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання і дабравольна адмовіліся ад ядравай зброі, узурпатар працягвае граць на ёй. Рэжым Лукашэнкі самавольна і паступова робіць нашу краіну ядравай закладніцай, дзеля свайго захавання ўлады. З пачатку ў Беларусі, за расейскія пазыкі, была пабудавана сумнеўная Астравецкая АЭС, а зараз з“явіліся намеры вяртання ядравай зброі, што робіць 9 мільёнаў чалавек закладнікамі рэжыму.
Даследаванне Chatham House паказвае, што ў Беларусі захоўваецца непрыманне размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі краіны. Пазітыўна глядзяць на гэтую ідэю толькі 25% апытаных. Але, калі гэта меркаванне народа спыняла дыктараў?
З-за тэрору, які працягваецца ў Беларусі, правядзенне пратэстаў ва ўгодкі катастрофы становіцца немагчымым. У сувязі з гэтым, беларусы, якія знаходзяцца ў выгнанні і дыяспары па ўсім свеце, плануюць правесці серыю акцый пратэсту супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Акцыі запланаваны ў Літве, Польшчы, Канадзе, Германіі і Латвіі. Хоць гэта не паўплывае на намеры дыктатара, але, прынамсі, будзе выказана пазіцыя беларускага народа.
Крынiцы: svaboda.org, belaruspolls.org, ecohome.ngo
Comments