Прафсаюзы розных краін свету масава звяртаюцца ў пасольствы Беларусі з патрабаваннем неадкладна вызваліць лідараў прафсаюзаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Акцыі такога кшталту ўжо прайшлі або пройдуць у Германіі, Швейцарыі, Швецыі, Літве, Польшчы, ЗША, Іспаніі, Бразіліі і Італіі.
Прадстаўнікі рабочага руху з усяго свету актыўна ўдзельнічаюць у інфармацыйнай кампаніі "Прафсаюзная дзейнасць - не экстрэмізм!" Яе мэтай з'яўляецца асвятленне ганебнай для ўрада Беларусі інфармацыі аб тым, што тысячы беларусаў знаходзяцца ў лагерах і турмах з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, у тым ліку больш за 40 лідараў і актывістаў дэмакратычных прафсаюзаў.
Прафсаюзная дзейнасць, падобна іншым формам грамадзянскай актыўнасці, пераследуецца ў краіне, і яе ўдзельнікі трапляюць у турмы. Пераследуюцца не толькі актыўныя ўдзельнікі прафсаюзнага руху, але і былыя сябры дэмакратычных прафсаюзаў. Іх арыштоўваюць, звальняюць з працы, зневажаюць на відэа, прымушаючы прызнацца ў апазіцыйнай дзейнасці, а пасля гэтыя відэаматэрыялы распаўсюджваюцца праз прапагандысцкія каналы па ўсёй Беларусі.
Асацыяцыя "Salidarnast" разам з глабальнымі прафсаюзнымі аб'яднаннямі арганізавала збор подпісаў на партале LabourStart, у якім прынялі ўдзел больш за 6500 прафсаюзных актывістаў з усяго свету. У петыцыі яны запатрабавалі ад урада Беларусі наступнага:
Вызваліць прафсаюзных і палітычных зняволеных. Спыніць рэпрэсіі супраць прафсаюзных актывістаў. Аднавіць гарантыі законнай дзейнасці незалежных прафсаюзаў.
Паколькі адпраўка лістоў на электронную пошту адміністрацыі Лукашэнкі немагчымая, арганізатары кампаніі звярнуліся да прафсаюзаў з прапановай асабіста перадаць подпісы з патрабаваннямі ў амбасады Беларусі ў тых краінах, дзе яны знаходзяцца.
Гэтая акцыя мае сімвалічнае значэнне, паколькі паралельна ёй Міжнародная канферэнцыя працы (ILC) прыняла рэзалюцыю, якая змяшчае аналагічныя патрабаванні ў адносінах да Беларусі, у тым ліку вызваленне прафсаюзных актывістаў з турмаў і спыненне рэпрэсій.
Безумоўна, ніякія меры не набудуць сілу адразу пасля закрыцця штогадовай Міжнароднай канферэнцыі працы 16 чэрвеня. Аднак Асацыяцыя "Salidarnast" упэўнена, што вызваленне прафсаюзных лідараў шмат у чым залежыць ад салідарнай працы прадстаўнікоў краін, якія галасавалі за рэзалюцыю, і ад ціску прафсаюзаў гэтых краін на рэалізацыю патрабаванняў рэзалюцыі. Кампаніі падобнага роду таксама граюць важную ролю ў дасягненні гэтай мэты.
Comments