У юрыдычную службу "Салідарнасці" працягваюць паступаць пытанні. На гэты раз па ахове працы ад работнікаў у сферы будаўніцтва.
Адным з ключавых аспектаў забеспячэння здароўя і камфорту будаўнікоў у Беларусі з'яўляецца выкананне стандартаў і норм, прадугледжаных Санітарнымі правіламі і нормамі па ахове працы (СанПіН). Неналежнае стаўленне наймальніка да бытавых памяшканняў у будаўнічых арганізацый становіцца аб'ектам асаблівай увагі ў кантэксце забеспячэння бяспечных і камфортных умоў працы.
Асноўны Закон - Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 41) гарантуе грамадзянам права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Гэтыя канстытуцыйныя гарантыі знайшлі сваё адлюстраванне і ў Працоўным кодэксе, які таксама гарантуе работнікам права на ахову працы (артыкул 223).
Асноўным нарматыўным дакументам у галіне аховы працы з'яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове працы", закліканы забяспечваць жыццё і здароўе работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці, якая ўключае прававыя, сацыяльна-эканамічныя, арганізацыйныя, тэхнічныя, псіхафізіялагічныя, санітарна-гігіенічныя, лячэбна-прафілактычныя, рэабілітацыйныя і іншыя мерапрыемствы і сродкі.
Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2014 № 120 зацверджаны Санітарныя нормы і правілы ў будаўнічай дзейнасці, згодна з якімі наймальнік абавязаны забяспечыць выкананне мер абароны работнікаў пры працы на адкрытым паветры ў халодны і цёплы перыяды года ў адпаведнасці з ТНПА да мікраклімату на працоўных месцах, а таксама шляхам арганізацыі рэжымаў працы і адпачынку, стварэння памяшканняў для адпачынку і абагравання.
Адлегласць да санітарна-бытавых памяшканняў на будаўнічай пляцоўцы не павінна перавышаць 150 м. Санітарна-бытавыя памяшканні павінны размяшчацца на незатапляемай тэрыторыі, абсталявацца сістэмай водаадвядзення сцёкаў і пераходнымі масткамі пры наяўнасці траншэй, каналаў. Санітарна-бытавыя памяшканні павінны размяшчацца на адлегласці не менш за 50 м ад аб'ектаў, якія з'яўляюцца крыніцамі пылу, шкодных пароў і газаў, і з наветранага боку ў адносінах да прамысловых аб'ектаў.
Перад уваходам у санітарна-бытавыя памяшканні павінен быць прадугледжаны тамбур. Каля ўваходу прадугледжваюцца прылады для ачысткі абутку. Санітарна-бытавыя памяшканні на будаўнічых аб'ектах павінны быць абсталяваны мэбляй і неабходным інвентаром. Выкарыстанне санітарна-бытавых памяшканняў не па прызначэнні забараняецца. У светлавых праёмах санітарна-бытавых памяшканняў павінны быць прадугледжаны працуючыя фрамугі або фортачкі для паветра.
Працуючыя на вышыні, а таксама машыністы землярыйных і дарожных машын, кранаўшчыкі і іншыя работнікі, якія па ўмовах вытворчасці не маюць магчымасць пакінуць працоўнае месца, павінны забяспечвацца бутыляванай пітной вадой.
Санітарна-бытавыя памяшканні на будаўнічых пляцоўках павінны мець наступны набор памяшканняў: гардэробную з рукамыйніцай, памяшканні для абагравання і прыёму ежы, прыбіральню або біяпрыбіральню, памяшканне для сушкі спецвопраткі, душавую (пры магчымасці падлучэння да сістэм водазабеспячэння і каналізацыі).
Памяшканні для сушкі спецыяльнага адзення і абутку павінны размяшчацца сумежна з гардэробнымі і абсталявацца сістэмамі механічнай выцяжной вентыляцыі. Памяшканне прыёму ежы павінна быць абсталявана рукамыйніцай, прыладамі для кіпячэння вады і падагрэву ежы, халадзільнікам.
Колькасць месцаў для захоўвання адзення ў гардэробных павінна адпавядаць спісачнай колькасці працуючых на будаўнічай пляцоўцы. Рукамыйніцы павінны размяшчацца ў памяшканнях, сумежных з гардэробнымі, або пры гардэробных, у спецыяльна адгароджаных месцах. Пры рукамыйніцы ў санітарна-бытавых памяшканнях павінны быць ручнікі разавага выкарыстання або электрасушылка для рук.
У арганізацыі пры колькасці працючых да 10 чалавек у змену ў гардэробнай, у памяшканнях для адпачынку і абагравання (астуджэнні) неабходна прадугледжваць усталёўку стала з гігіенічным пакрыццём для прыёму ежы.
Пералічаныя патрабаванні па ахове працы ў будаўніцтве з'яўляюцца мінімальнымі. Наймальнікі сумесна з прафсаюзамі маюць права забяспечваць работнікаў дадатковымі гарантыямі і льготамі, накіраванымі на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
У выпадку невыканання гэтых норм вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.
Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.
Read this text in рус
Comments