9 снежня ў Вільні адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 120-годдзю беларускай сацыял-дэмакратыі. Мерапрыемства сабрала лідараў сацыял-дэмакратычных партый і рухаў з Беларусі і іншых краін, а таксама прадстаўнікоў дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі.

На сённяшні дзень большасць сацыял-дэмакратычных партый Беларусі вымушаны дзейнічаць на эміграцыі, а лідар "Народнай Грамады" Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў калоніі строгага рэжыму. Тым не менш, нягледзячы на рызыкі і ціск з боку рэжыму Лукашэнкі, дэлегаты з Беларусі прынялі ўдзел у канферэнцыі.
Адкрыццё мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова аднаго з арганізатараў, намесніка старшыні БСДП "Народная Грамада" Яўгена Вільскага і іншых лідараў сацыял-дэмакратычных партый Беларусі, Ігара Барысава (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Грамада") і Сяргея Чарачня (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада). Паседжэнне адкрылі літоўскі дэпутат Еўрапарламента Юозас Алекас і міжнародны сакратар Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Рэмігіюс Мотузас. Дэлегацыі з
Латвіі таксама прынялі актыўны ўдзел у канферэнцыі.
Гісторык Алесь Пашкевіч расказаў аб зараджэнні і станаўленні сацыял-дэмакратычных рухаў на тэрыторыі Беларусі і Літвы, а таксама аб уплыве сацыял-дэмакратый суседніх краін на фарміраванне левага руху на нашых тэрыторыях.
Выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў расказаў аб ролі і значэнні прафсаюзнага руху як у мінулым, так і ў сучаснасці. Ён таксама спыніўся на бягучым стане рабочага руху ў Беларусі і яго фактычнай забароне аўтарытарным рэжымам.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі ўдзел у панэльных дыскусіях, прысвечаных цяперашняму стану сацыял-дэмакратычных партый і палітычных сіл у Беларусі, а таксама абмеркавалі магчымасці вызвалення палітвязняў.
Былы палітвязень Леанід Судаленка падзяліўся інфармацыяй аб умовах утрымання палітвязняў у беларускіх турмах. Муж Паліны Шарэнды-Панасюк адзначыў, што нават знаходзячыся за кратамі, палітвязні працягваюць змагацца, нягледзячы на пераслед і гвалт у дачыненні да іх.
Эмацыйнае выступленне прадстаўніка Беларускай асацыяцыі палітвязняў "Да Волі!" Алега Кулеша тычылася ўмоваў працы ў турмах і праблемаў рэабілітацыі палітвязняў пасля іх вызвалення.
Ён расказаў пра тое, як палітвязні працуюць без сродкаў індывідуальнай абароны і атрымліваюць траўмы. Таксама закрануў пытанне іх рэабілітацыі пасля вызвалення.
На канферэнцыі таксама выступілі Іон Сула з Еўрапейскай сацыял-дэмакратычнай партыі Малдовы, дэпутат Сейма Літвы Кастуціс Вілкаўскас, Ігар Маслоўскі з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), і Жанна Семянтовіч з "Народнай Грамады". Яны падзяліліся шляхамі далейшага развіцця сваіх партый і абмеркавалі далягляды супрацоўніцтва для будучыні.

Моладзевыя прадстаўнікі сацыял-дэмакратычных рухаў абмеркавалі палітычную актыўнасць моладзі ва Ўсходняй Еўропе, уплыў вайны Расіі супраць Украіны і месца моладзі ў левым руху.
У выніку канферэнцыі былі сфармуляваны і прыняты дзве рэзалюцыі, распрацаваныя ўдзельнікамі.
Comments