13 чэрвеня адбылося адкрыццё 28-га Кангрэса Міжнароднага саюза харчавікоў IUF. У мерапрыемстве прыняў удзел в.а. старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП) Максім Пазнякоў.
Адкрыццё Кангрэса суправаджалася словамі прывітання ад прэзідэнта IUF Марка Лаўрытсана, генеральнага сакратара IUF Сью Лонглі, прадстаўнікоў кантона Жэнева і Марціна Дакура са швейцарскай сяброўскай арганізацыі IUF UNIA.
Дэлегаты, якія прадстаўляюць мільёны работнікаў харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гасцініц, рэстаранаў, грамадскага харчавання і тытунёвага сектара, сабраліся з усяго свету – ад Аўстраліі да Замбіі, ад Аргенціны да Зімбабвэ, каб абмеркаваць далейшую стратэгію IUF.
На Кангрэсе выступіў Гілберт Ф. Унгбо, генеральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Ён звярнуў увагу на пытанні дастойнай працы ў сельскай гаспадарцы, пабудовы ўстойлівых харчовых сістэм і гарантавання харчовай бяспекі для ўсіх. Ён таксама падкрэсліў важнасць права на арганізацыю і калектыўныя перагаворы ў аграхарчовым сектары.
Прадстаўнік Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў распавёў аб сітуацыі з правамі працоўных у сваёй краіне і аб важнасці салідарнасці ў сучасных умовах, як галоўнага інструмента барацьбы працоўных супраць несправядлівасці і парушэнняў іх правоў.
Прэзідэнт IUF Марк Лаўрытсан звярнуўся да дэлегатаў Кангрэса:
"Мы назіраем рост фашысцкіх рухаў па ўсім свеце, ваенныя хунты, правае крыло і іх пастаянныя нападкі на правы чалавека, як у Італіі, М'янме, нават у ЗША і Бразіліі. І нават зараз мы сустракаемся у цені вайны ва Украіне. Моцны працоўны рух – адзінае, што можа супрацьстаяць гэтым правым".
Паколькі 28-ы Кангрэс IUF праходзіць пад лозунгам "Барацьба за нашу будучыню", на парадку дня Кангрэса і далейшай працы стаяць пытанні правоў прафсаюзаў, роўнасці, кліматычнай справядлівасці, а таксама міру, дэмакратыі і правоў чалавека.
Трэба адзначыць, што Беларускі Незалежны прафсаюз з“яўляецца адзінай сяброўскай арганізацыяй IUF з Беларусі.
Comments