Сёння стала вядома аб смерці знакавага актывіста і аднаго з лідараў Свабоднага прафсаюза Металістаў (СПМ), Аляксандра Еўдакімчыка. Паводле інфармацыі, атрыманай з крыніц, змагар за працоўныя правы і дэмакратыю пайшоў з жыцця пасля працяглай хваробы.
Аляксандр, выхадзец з прафсаюза машынабудаўнікоў, лічыўся адным з ключавых лідараў свабоднага прафсаюза, які ўваходзіў у Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), ліквідаванага ўладамі ў ліпені 2022 года. Еўдакімчык неаднаразова абіраўся намеснікам старшыні СПМ. Працягваў прытрымлівацца сваіх прынцыповых поглядаў нават пасля прымусовай ліквідацыі арганізацыі і пагрозы арышту ў 2022 годзе.
Аляксандр Еўдакімчык неаднаразова арыштоўваўся з боку ўладаў за сваю прафсаюзную і левую палітычную пазіцыю. Апошні арышт адбыўся ўвесну 2022 году, калі ён быў затрыманы ў межах масавых арыштаў лідараў дэмакратычных прафсаюзаў. На наступны дзень пасля затрымання, яго асудзілі па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам), прыгаварыўшы да 15 сутак арышту. Гэтыя цяжкія перыяды, поўныя стрэсу і допытаў, пакінулі негатыўны адбітак на здароўе прафсаюзнага дзеяча.
Ад імя e.V. Salidarnast выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім Аляксандра Еўдакімчыка. Яго нястомная барацьба за правы працоўных і дэмакратыю застанецца ў памяці многіх як прыклад сілы і адданасці ідэалам.
Commentaires