Сёння, за кратамі, 69 дзень народзінаў адзначае прафсаюзны актывіст і рэдактар бюлетэню Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) – Вацлаў Арэшка.
Вячаслаў Міхайлавіч Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Быў затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму прад'явілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Вядома, што дэпутат парламента Славеніі ад Славенскай дэмакратычнай партыі Анжэ Логар стаў сымбалічным «хросным» палітвязня.
Суд над прафсаюзнымі лідарамі РЭП, у тым ліку і над спадаром Арэшкай, праходзіў у Мінскім гарадскім судзе з лістапада 2022 года. Іх вінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні); ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі); ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 3 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім). Суддзя Анастасія Папко пасля прапановы пракурора Рамана Бізюка зрабіла разгляд справы закрытай.
Прысуд па яго справе вынесены 5 студзеня 2023 года. Актывіста незалежнага прафсаюза прызналі вінаватымі. Па сукупнасці пакаранняў Анастасія Папко прызначыла Вацлаву Арэшку восем гадоў пазбаўлення волі.
Вядома, што пад час заключэння ў многіх з прафсаюзных вязняў пагоршыўся стан здароўя. Менавіта ў спадара Вячаслава значна сапсаваўся зрок.
Comments