Сёння, 5 студзеня, у Мінскім гарадскім судзе былі вынесеныя прысуды лідарам Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектронай прамысловасці і палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку.
Суддзя Алена Папкова прызнала прафсаюзных актывістаў віноўнымі і па сукупнасці пакаранняў вынесла прысуды:
Генадзю Фядынічу — 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
Васілю Берасневу — 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
Вячаславу Арэшку — 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў 2022 годзе. Палітвязнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў; Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Аляксандр Мішук, віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза і старшыня пярвічкі БНП на ААТ «Беларуськалій»; Андрэй Ханевіч, старшыня пярвічкі БНП на ААТ «Гродна Азот»; Генадзь Фядыніч, заснавальнік прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Бераснеў.
«Пазбаўленне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі пераследу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідараў апошнім часам і носіць сістэмны характар», — гаварылася ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Comments