top of page
Search

Левыя партыі Аргентыны правядуць акцыю пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі

Сацыялістычны рух працоўных (MST), Левы працоўны фронт - Адзінства і Міжнародная сацыялістычная Ліга (LIS) анансавалі правядзенне акцыі пратэсту перад амбасадай Рэспублікі Беларусь у Аргентыне, накіраванай на прыцягненне ўвагі да рэпрэсій супраць працоўных і прафсаюзных лідараў у Беларусі.




Паведамленне аб гэтым было размешчана на старонцы лідара MST і LIS Алехандра Бадарта. Ён адзначыў, што акцыя адбудзецца 12 красавіка а 14:30 у Буэнас-Айрэсе.


Імкненне аргенцінскіх таварышаў праявіць салідарнасць з членамі незалежных і свабодных прафсаюзаў, якія змагаюцца за інтарэсы працоўных, дастойна павагі. MST і LIS неаднаразова асуджалі тэрор у дачыненні да працоўных Беларусі з боку рэжыму Лукашэнкі.

Месяц таму ў Барселоне адбыўся Другі кангрэс Міжнароднай сацыялістычнай лігі (LIS), у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага Незалежнага прафсаюза, у тым ліку і яго лідар Максім Пазнякоў. Беларускі прафсаюзны лідар расказаў прадстаўнікам прафсаюзаў і палітычных арганізацый з 30 краін аб сітуацыі, якая склалася ў Беларусі.

На аснове пазіцыі беларускіх гасцей і меркавання дэлегатаў Міжнароднай сацыялістычнай лігі была прынята рэзалюцыя па Беларусі, якая ўмацоўвае міжнародную пазіцыю па "беларускім пытанні" і патрабуе вызвалення палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій.

Міжнародная сацыялістычная ліга - заснавана прадстаўнікамі левых дэмакратычных поглядаў у 2019 годзе ў Барселоне. Міжнароднае аб'яднанне прытрымліваецца рэвалюцыйных сацыялістычных поглядаў для барацьбы за інтарэсы працоўных усяго свету. Сацыялістычны рух працоўных (MST) і Левы працоўны фронт - Адзінства - аргентынскія палітычныя партыі, якія аб'ядноўваюць працоўных трацкісцкіх і марэнісцкіх поглядаў.


Read this text in eng or рус

Comments


bottom of page