Забастоўка (страйк, стачка) - з'яўляецца крайняй мерай калектыўнай працоўнай спрэчкі. У Беларусі гэтая тэма строга забаронена і ўвесь час пазбягаецца ўладамі. У дадзеным артыкуле мы разгледзім толькі прававыя аспекты гэтай формы пратэсту, якая рэгламентуецца артыкуламі 388-391 Працоўнага кодэкса, і абмяркуем важныя нюансы, якія неабходна ўлічваць пры арганізацыі і правядзенні забастоўкі.
Працягваем тэму калектыўных працоўных спрэчак. На гэты раз пагаворым аб крайняй форме вырашэння працоўных спрэчак у выглядзе забастоўкі.
Артыкул 388 Працоўнага кодэкса пад забастоўкай разумее часовую добраахвотную адмову работнікаў ад выканання працоўных абавязкаў (цалкам або часткова) у мэтах вырашэння калектыўнай працоўнай спрэчкі.
Забастоўка
Забастоўка можа праводзіцца не пазней за тры месяцы з дня недасягнення згоды паміж бакамі калектыўнай працоўнай спрэчкі па ўрэгуляванні калектыўнай працоўнай спрэчкі ў прымірыцельнай камісіі, а калі бакі звярталіся да пасярэдніка або (і) у працоўны арбітраж – з дня недасягнення згоды паміж бакамі калектыўнай працоўнай спрэчкі па ўрэгуляванні калектыўнай працоўнай спрэчкі з удзелам пасярэдніка ці (і) нязгоды з рашэннем працоўнага арбітражу, за выключэннем рашэння, якое носіць для бакоў абавязковы характар.
Пры правядзенні забастоўкі забараняецца вылучэнне палітычных патрабаванняў.
Законам могуць быць устаноўлены абмежаванні рэалізацыі права на забастоўку ў той меры, у якой гэта неабходна ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асоб.
Забараняецца аказанне матэрыяльнай дапамогі ўдзельнікам забастоўкі за кошт сродкаў палітычных партый, рухаў, іншых грамадскіх аб'яднанняў, а таксама замежных юрыдычных і фізічных асоб.
Рашэнне аб правядзенні забастоўкі
Згодна з артыкулам 389 Працоўнага кодэкса рашэнне аб правядзенні забастоўкі прымаецца на сходзе або канферэнцыі тайным галасаваннем.
Рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала не менш як дзве трэці прысутных работнікаў (дэлегатаў канферэнцыі).
Сход лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае больш за палову работнікаў, а канферэнцыя – не менш як дзве трэці дэлегатаў.
Апавяшчэнне аб забастоўцы
Артыкул 390 Працоўнага кодэкса выстаўляе ўмову аб апавяшчэнні забастоўцы, згодна з якой прадстаўнічы орган работнікаў абавязаны ў пісьмовай форме паведаміць наймальніку аб рашэнні правесці забастоўку не пазней за два тыдні да яе пачатку. У апавяшчэнні аб правядзенні забастоўкі ўказваюцца:
пералік рознагалоссяў бакоў, якія з'яўляюцца падставай для аб'яўлення і правядзення забастоўкі;
дата і час пачатку забастоўкі, яе працягласць і меркаваная колькасць удзельнікаў;
прапановы па мінімуме неабходных работ (паслуг), які выконваецца ў арганізацыі падчас правядзення забастоўкі.
Пасля атрымання паведамлення аб забастоўцы наймальнік абавязаны неадкладна паведаміць аб гэтым уласніку або ўпаўнаважанаму ім органу, пастаўшчыкам, спажыўцам, транспартным арганізацыям, мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу.
Артыкул 391 Працоўнага кодэкса змяшчае прамую забарону на прымус да ўдзелу ў забастоўцы або адмове ад удзелу ў ім.
Аб адкладанні забастоўкі, яе спынення, прызнання забастоўкі незаконнай і аб адказнасці за ўдзел у незаконнай забастоўцы мы пагаворым наступным разам.
Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.
Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.
Read this text in рус
Comments