top of page
Search

Зняволенага прафсаюзнага лідара змясцілі ў шпіталь, патрэбна перасадка ныркі

Палітзняволенага па “справе незалежных прафсаюзаў” Васіля Бераснева, які адбывае пакаранне ў магілёўскай ПК № 15, тэрмінова накіравалі ў Магілёўскі абласны шпіталь.


Vasil Berasneu
Васіль Бераснеў

Яшчэ пад час знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: самае небяспечнае – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследаванне — доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.


Праваабаронца Ігар Казмерчак не хавае сваёй заклапочанасці падобнай сітуацыяй:


- З адной ныркай і на волі жыць ня проста, а тут яшчэ і турма. Таму Бераснева ў прынцыпе нельга было саджаць. А пры сённяшняй сітуацыі мы павінны як мага шырэй казаць пра здароўе Васіля. Фактычна гэта яшчэ адна спроба проста давесці палітвязня да трагедыі.

У крытычныя моманты, яму ставяць абязбольвальную кропельніцу, што не вырашае праблемы і даюць таблеткі ад ціску.


73-гадовы Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі выдуманныя абвінавачванні.


5 студзеня 2023 г. Васілю быў вынесены прысуд: актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў прызналі вінаватымі. Па сукупнасці пакаранняў Анастасія Папко прызначыла Васілю Берасневу дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Неўзабаве палітвязня перавялі з СІЗА-1 у магілёўскую Турму № 4, а ў траўні – у магілёўскую ПК № 15


Апеляцыйную скаргу на прысуд разглядалі ў Вярхоўным судзе. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі 3 красавіка 2023 г. пастанавіла пакінуць прысуд без зменаў, а скаргі — без задавальнення.


5 траўня 2023 г. МУС уключыла палітзняволенага ў "Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".


Аналагічныя тэрміны і цяжкі стан здароўя ў лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшкі. Таксама пагоршыўся стан здароўя і ў лідара БКДП Аляксандра Ярашука, якому ўзмацнілі ўмовы ўтрымання і перавялі з калоніі ў турму. Міжнародны прафсаюзны рух занепакоены гэтай сітуацыяй і лічыць, што рэжым такім чынам распраўляецца з дэмакратычным працоўным рухам.


Read this text in eng or рус

Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page