У пачатку чэрвеня Хельге Лімбург, дэпутат нямецкага Бундэстага і прадстаўнік партыі "Альянс 90/Зялёныя", напісаў чарговы ліст свайму палітычнаму падапечнаму Андрэю Пагерылу, каб павіншаваць яго з днём нараджэння, які Андрэй праводзіць ужо другі раз у зняволенні.
Я зноў пішу Вам найперш, каб павіншаваць Вас з днём народзінаў!
Я жадаю Вам шчасця і здароўя, але найперш, каб Вы змаглі адсвяткаваць свой наступны дзень народзінаў зноў са сваімі дзецьмі і сям'ёй!
Аднак я не ўпэўнены, што гэты ліст паспее дайсці да Вас да Вашага дня народзінаў. Я заўважыў, што ліст з Берліна ў Гомель ідзе прыкладна адзін-два тыдні. Акрамя таго, я, нажаль, не ведаю, ці будуць мае лісты сапраўды дастаўлены Вам. Таму, калі гэты ліст не дойдзе да Вас своечасова, то, калі б Вы ні прачыталі гэты ліст, я таксама віншую Вас з днём народзінаў.
Хачу яшчэ раз запэўніць Вас, што Ваш лёс і лёс усіх беларускіх зняволеных не будзе забыты! Магчыма, Вам будзе цікава даведацца, якіх маштабаў дасягнула міжнародная праграма спонсарства для зняволеных у Беларусі: з 2020 года 363 дэпутаты ўжо ўзялі на сябе спонсарства. Гэта дэпутаты Еўрапейскага парламента, а таксама нацыянальных парламентаў Нямеччыны, Швейцарыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швецыі, Шатландыі, Чэхіі, Польшчы, Нідэрландаў, Бельгіі, Украіны, Славеніі, Румыніі, Нарвегіі, Даніі і Францыі. Такім чынам, вы бачыце: праграма спонсарства з'яўляецца міжнароднай і беспартыйнай. Усіх гэтых палітыкаў аб'ядноўвае жаданне працаваць на карысць свабоды народа Беларусі. Я ўпэўнены, што ўсе яны будуць сачыць за тым, каб пра вязняў не забываліся да таго часу, пакуль апошні з іх не апынецца на волі!
Як заўсёды, да гэтага ліста я прыкладаю некалькі старонак пісчай паперы, якія вы можаце выкарыстоўваць для адказу. Мне будзе вельмі прыемна атрымаць ад вас вестку. Калі я магу нечым дапамагчы Вам ці Вашай сям'і, я буду рады зрабіць усё магчымае.
З найлепшымі пажаданнямі
Хельге Лімбург
Дэпутат Бундэстага
Андрэй Пагерыла – былы слесар-рамонтнік цэха "Аміяк-3" на ААТ "Гродна Азот" і сябар Беларускага Незалежнага прафсаюза. Ён быў асуджаны па справе "Рабочага Руху" на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па сфабрыкаваным крымінальным абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве.
"Хросныя" палітычных зняволеных працягваюць публікаваць адкрытыя лісты для сваіх падапечных, бо адміністрацыя беларускіх турмаў наўмысна не перадае лісты ад замежных асоб палітычным зняволеным.
Comments