Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заклікаў урад Беларусі спыніць сістэматычныя рэпрэсіі ў дачыненні да тых, каго лічаць апазіцыйна настроенымі, і неадкладна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах. Аўтары дакладу мяркуюць, што некаторыя з парушэнняў могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.
17 сакавіка 2023 года быў апублікаваны даклад Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькера Цюрка. У ім гаворыцца аб грубых парушэннях правоў чалавека па ўсёй краіне. У аснове даклада ляжаць інтэрв'ю з 207 ахвярамі і сведкамі, а таксама аналіз больш за 2,5 тысячы доказаў, у тым ліку фатаграфій, відэа, медыцынскіх і судовых дакументаў.
У ім задакументаваны шырока распаўсюджаныя і сістэматычныя парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, у тым ліку незаконнае пазбаўленне жыцця і шматлікія выпадкі адвольнага пазбаўлення волі, катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту, парушэнні правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый, адмова ў належнай прававой працэдуры і праве на роўную абарону з боку закону.
- Наш даклад прадстаўляе непрымальную карціну беспакаранасці і практычна поўнага знішчэння прасторы дзейнасці грамадзянскай супольнасці і асноўных свабодаў у Беларусі, - сказаў Цюрк. - Урад павінен спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да свайго народа, а таксама правесці празрыстыя расследаванні для таго, каб забяспечыць прыцягненне да адказнасці вінаватых у сур'ёзных парушэннях.
Даклад утрымлівае высновы УВКПЧ па выніках разгляду сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за перыяд з 1 мая 2020 па 31 снежня 2022 года, праведзенага ў адпаведнасці з даручэннем Савета ААН па правах чалавека.
Згодна з дакладам, парушэнні, як падаецца, здзяйсняліся ў межах кампаніі гвалту і рэпрэсій, свядома накіраванай супраць тых, хто знаходзіўся ў апазіцыі да ўлады ці выказваў крытычнае меркаванне, альбо падазраваўся ў гэтым. Аўтары дакладу мяркуюць, што некаторыя з гэтых парушэнняў могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.
Даклад паказвае на тое, што збіццё тысяч мірных дэманстрантаў у перыяд з 9 па 14 жніўня 2020 года, непасрэдна пасля абвяшчэння сумнеўных вынікаў выбараў, было ўхвалена, каардынавалася і адкрыта падбухторвалася ўрадам на самым высокім узроўні. Па выніках разгляду сітуацыі таксама ёсць разумныя падставы меркаваць, што супраць дэманстрантаў і затрыманых неабгрунтавана і непрапарцыйна прымянялася сіла, што прывяло да гібелі не менш як пяці чалавек.
Упраўленнем ААН па правах чалавека сабраны дзясяткі сведчанняў пацярпелых ад катаванняў і сотні скарг прызнаны годнымі даверу. Акрамя таго, зарэгістравана больш за 100 выпадкаў сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту ў дачыненні да затрыманых. Разам з тым маштабы парушэнняў і злоўжыванняў, звязаных з сэксуальным і гендэрна-абумоўленым гвалтам, відаць, заніжаныя ў сувязі са стыгмай, страхам рэпрэсій і адмовай у доступе ў краіну спецыялістам УВКПЧ па расследаванні парушэнняў правоў чалавека.
Як сцвярджаецца ў дакладзе, вынясенне судамі суровых прысудаў сведчыць аб інструменталізацыі правасуддзя і злоўжыванні судовай сістэмай у дачыненні да ўдзельнікаў апазіцыі, блогераў, журналістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і адвакатаў.
З 2021 года прынята больш за дзесяць паправак у заканадаўства, накіраваных супраць палітычных актывістаў і апазіцыянераў, якія прадугледжваюць такія практыкі, як завочныя суды, пазбаўленне грамадзянства і канфіскацыя прыватнай уласнасці. У той жа час, была пашырана сфера прымянення пакарання смерцю. Падпісанне 9 сакавіка закона, які ўстанаўлівае смяротнае пакаранне для дзяржслужачых і ваеннаслужачых, асуджаных за "дзяржаўную здраду", лішні раз пацвярджае маштабы рэпрэсій, якія праводзяцца ў краіне.
- Жахлівая практыка пераследу і пакарання людзей за законную праваабарончую дзейнасць працягваецца, - заявіў Цюрк, адзначыўшы працяглыя турэмныя тэрміны, да якіх за апошнія тыдні прысудзілі ў тым ліку лідараў апазіцыі Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку, а таксама лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага іншых сябраў праваабарончага цэнтру “Вясна”, журналіста Анджэя Пачобута і 10 сяброў руху “Рабочы рух”.
Па стане на 17 сакавіка 1462 чалавек знаходзяцца ў зняволенні па палітычных абвінавачаннях.
Паводле звестак на люты 2023 года, улады краіны закрылі 797 НДА, пры гэтым яшчэ 432 арганізацыі спынілі сваю дзейнасць, каб пазбегнуць судовага пераследу. Большасць незалежных беларускіх СМІ былі вымушаныя спыніць працу і некаторыя з іх, нараўне з Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ), былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі».
- Адмысловае абурэнне таксама выклікае той факт, што ўлады Беларусі ў пераследзе тых, хто асуджаны за так званую «экстрэмісцкую дзейнасць» маюць намер зайсці настолькі далёка, каб пазбаўляць іх грамадзянства. У асобных выпадках такія адвольныя рашэнні могуць прывесці да таго, што чалавек стане асобай без грамадзянства, - заявіў Вярхоўны камісар.
У той час як Беларусь нясе асноўную адказнасць за ўстараненне парушэнняў правоў чалавека, даклад заклікае дзяржавы-члены ААН разгледзець магчымасць прыцягнення вінаватых да адказнасці ў рамках судовых разбораў на нацыянальным узроўні на падставе прызнаных прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі.
Крыніца: ohchr
Comments