Аўстрыйская канфедэрацыя прафсаюзаў (ÖGB) 19 красавіка прыняла ўдзел у міжнародным Дні дзеянняў за правы прафсаюзаў і дэмакратыю ў Беларусі з патрабаваннем вызвалення беларускіх прафсаюзных лідараў, якія знаходзяцца ў зняволенні.

На сайце ÖGB адзначаецца, што канфедэрацыя доўгі час выступае за вызваленне несправядліва арыштаваных прафсаюзных актывістаў у Беларусі і актыўна прыцягвае ўвагу сусветнай супольнасці да лёсу працаўнікоў у Беларусі.
Прэзідэнт ÖGB Вольфганг Катцыян падкрэсліў, што абыходжанне з прадстаўнікамі беларускага прафсаюза БКДП, якія знаходзяцца ў зняволенні, не адпавядае асноўным прынцыпам правоў чалавека. У лісце паслу Беларусі ў Вене ён таксама прасіў выкарыстоўваць свае кантакты ў Мінску для вырашэння гэтай сітуацыі.
ÖGB, разам са шматлікімі прафсаюзамі з усяго свету, заклікае не толькі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку членаў прафсаюзаў, але таксама да спынення пераследу і тэрору над рабочымі па палітычных матывах, а таксама да аднаўлення права працоўных на свабоду асацыяцый.
Commentaires