Нядаўні скандал у Гомельскай вобласці падкрэслівае безадказнасць у кадравай палітыцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), у выніку якой на кіруючыя пасады прафсаюзных лідараў трапляюць амаральныя чыноўнікі, якім мала важныя інтарэсы працоўных.
Сяргей Касінскі, былы кіраўнік Лельчыцкага райвыканкама, нядаўна апынуўся ў цэнтры скандальнай крымінальнай справы, звязанай з фінансавымі махінацыямі і злачыннымі схемамі.
Па дадзеных следства, Касінскі і яго калегі арганізавалі сістэму фальсіфікацыі дадзеных, каб схаваць факты падзяжу буйной рагатай жывёлы. Мяса загінуўшых жывёл выдавалася ў лік заработнай платы работнікам, а падробленыя дакументы выкарыстоўваліся для скажэння дзяржаўнай статыстыкі. У выніку яны прычынілі шкоду не толькі бюджэту, але і работнікам прадпрыемстваў на суму, якая перавышае 80 тысяч рублёў.
Экс-чыноўніку і яго хаўруснікам прад'яўлена абвінавачанне па артыкуле аб перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК) - гэта ад трох да 10 гадоў калоніі.
Падобныя скандалы ў сучаснай Беларусі, на жаль, не сталі рэдкасцю, калі працоўных сельгаспрадпрыемстваў змушаюць браць мяса дохлай жывёлы ў кошт заробка. Аднак, асаблівай увагі заслугоўвае факт, што пасля выкарыстання амаральнай схемы, былога старшыню райвыканкама прызначылі старшынёй праўладнай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Магчыма, Касінскі валодаў асаблівым прафсаюзным талентам? Аднак яго дзеянні, такія як "упарванне" працаўнікам мяса дохлых кароў у кошт заработнай платы, пра што ведала вялізная колькасць народа, якая зараз дае паказанні, і яго недастатковая ўвага да працоўных калектываў выклікаюць крайні сумневы ў яго здольнасці абараняць працоўныя правы.
Што да заяваў Касінскага аб абароне законных правоў і інтарэсаў сябраў прафсаюза, якія ён прамаўляў у сваёй перадвыбарчай прамове на канферэнцыі, то яны выглядаюць вельмі цынічна ў кантэксце наступных абвінавачванняў у яго адрас.
Гэты прыклад пацвярджае наяўнасць гнілой кадравай і фармальнай сістэмы "выбараў" у структуры праўладных прафсаюзаў аб'яднаных у Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Дзе на пасады прафбосаў прызначаюцца ідэолагі, былыя чыноўнікі, прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемстваў, экс-сілавікі ці тыя, хто выдае заробак гнілым мясам працоўным.
Піліп Стары
Comments