top of page
Search

Алкаголь, дысцыпліна, здароўе... У якіх выпадках вас могуць адхіліць ад працы?

Хто і ў якіх выпадках мае права адхіліць работніка ад выканання працоўных абавязкаў? Як гэта ўплывае на яго заработную плату? Давайце разбірацца.


Пытанні адхілення работніка ад выканання працоўных абавязкаў урэгуляваны артыкулам 49 Працоўнага кодэкса, які так і называецца "адхіленне ад працы".


Згодна з названай нормай працоўнага заканадаўства адхіленнем ад работы з'яўляецца часовае недапушчэнне работніка да выканання сваіх працоўных абавязкаў у сувязі з абставінамі, пералічанымі ў артыкуле 49 Працоўнага кодэкса.


Адхіленне ад працы афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка або ўпаўнаважанай ім службовай асобы з указаннем прычыны адхілення ад працы. Загад (распараджэнне) аб'яўляецца работніку пад роспіс не пазней за наступны дзень, які з'яўляецца для работніка рабочым.

Адмова работніка ад азнаямлення з загадам (распараджэннем) афармляецца актам з указаннем сведак, якія прысутнічалі пры гэтым. Па патрабаванні ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, наймальнік абавязаны адхіліць работніка ад працы.


Наймальнік мае права неадкладна адхіліць работніка ад працы пры выяўленні дапушчаных ім парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай або працоўнай дысцыпліны, якія пацягнулі або здольныя пацягнуць прычыненне арганізацыі ўрону, да ўстаранення парушэнняў, а таксама ў выпадку, калі работнік заклікае іншых работнікаў да спынення выканання працоўных абавязкаў без уважлівых прычын.


Апроч выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам, наймальнік абавязаны не дапускаць да працы (адхіліць ад працы) у адпаведны дзень (змену) работніка:


  1. які з'явіўся на працу ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення, а таксама ў стане, звязаным з хваробай, што перашкаджае выкананню працы;

  2. які не прайшоў інструктаж, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы;

  3. які не выкарыстоўвае сродкі індывідуальнай абароны, што непасрэдна забяспечваюць бяспеку працы;

  4. які не прайшоў медыцынскі агляд або агляд на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам.


Работніка, які ўчыніў крадзеж маёмасці наймальніка, наймальнік мае права адхіліць ад работы да ўступлення ў законную сілу прыгавору суда або пастановы органа, у кампетэнцыю якога ўваходзіць накладанне адміністрацыйнага спагнання.


За перыяд адхілення ад працы заработная плата не налічваецца, за выключэннем наступных выпадкаў.

Пры адхіленні ад працы работніка, які не прайшоў інструктаж, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы, медыцынскі агляд або агляд на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам, не па сваёй віне, яму праводзіцца аплата працы за ўвесь час адхілення ад працы не ніжэй за дзве трэці ўстаноўленых яму тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу).


Допуск да працы работніка, адхіленага ад працы, афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка або ўпаўнаважанай ім службовай асобы.

Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Read this text in рус

Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page