Цяпер у беларускіх турмах адбываюць пакаранне 29 прафсаюзных лідараў і актывістаў. «Салiдарнасць» пачынае цыкл публікацый, у якім раскажа пра некаторых з гэтых палітвязняў.

«Вольга абсалютна светлы і чысты чалавек, які хацеў справядлівасці і законнасці», - так кажуць калегі пра Вольгу Брыцікаву з Наваполацка, лідара Незалежнага прафсаюза «Нафтана».
Яе драматычная гісторыя пачалася ў жніўні 2020 года. Тады Вольга, якая ўзначальвала на “Нафтане” аддзел рэалізацыі нафтапрадуктаў, сустрэлася з кіраўніцтвам прадпрыемства і агучыла патрабаванні працаўнікоў да адміністрацыі і ўладаў. Сярод іх - спыненне насілля, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.
Затым Брыцікава прыняла ўдзел у стыхійным мітынгу працоўных каля заводакіраўніцтва. Тады яна яшчэ заставалася на волі і ў інтэрв'ю «Салідарнасці» чатыры гады таму казала, што не шкадуе аб сваім учынку і аб тым, што выйшла з праўладнага прафсаюза «Нафтана».
«Калі мы завяршылі падлік галасоў людзей, якія падпісаліся пад патрабаваннямі, уразілі паводзіны старшыні нафтанаўскай пярвічцы Белхімпрафсаюза (БХП): ён надоўга выходзіў з кабінета, вяртаўся сумны і ў выніку адмовіўся падпісаць пратакол. Тады я дакладна ўсвядоміла, наколькі залежым той прафсаюз ад наймальніка. Па сутнасці, гэта і падштурхнула мяне выйсці з БХП».
Усе 16 гадоў сваёй працоўнай дзейнасці на "Нафтане" Вольга была членам Белхімпрафсаюза (БХП). І лічыла гэта абсалютнай фармальнасцю, як і многія. А вось выходзіла з яго па прынцыповых перакананнях. Акрамя таго, праз некалькі месяцаў пасля сустрэчы з кіраўніцтвам прадпрыемства і мітынгу Вольгу звольнілі з працы.
«Так, я страціла працу, але здабыла ўнутраную гармонію. Не магла дыхаць - датуль, пакуль не ўбачыла, колькі людзей думаюць гэтак жа, як і я. Калі 14 жніўня ўбачыла народ каля заводаўпраўленняў, іх настрой - гэта дарагога каштавала…
Людзі казалі, што патрэбен незалежны прафзвяз. І мы прыйшлі ў Беларускі незалежны прафсаюз. Мы зразумелі, што гэта пляцоўка для аб'яднання, і зараз спрабуем абараняць адзін аднаго» (з інтэрв'ю Вольгі Брыцікавай для «Салідарнасці»).
Выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў кажа пра тое, што «Вольгу абурала фальсіфікацыя выбараў і далейшы гвалт, якія адбываліся ў 2020 годзе. Яна і яе калегі, якія пайшлі за ёй, убачылі ў Беларускім незалежным прафсаюзе тую арганізацыю, якая можа выправіць сітуацыю сама меней на прадпрыемстве».
«Цяпер вельмі цяжка сказаць: «Прыходзь да нас [у Беларускі незалежны прафсаюз], у нас крута». Бо на заводзе бачаць, як нас б'юць. Мы падвяргаемся ціску, практычна ў адносінах да ўсіх ёсць расследаванне па парушэннях працоўнай дысцыпліны.
Многія працоўныя пазбавіліся магчымасці атрымаць больш высокія разрады. Ім кажуць: «Хочаш 6-ы разрад? Выходзь са свайго прафсаюза».
Або: «Хочаш знаходзіцца ў рэзерве кіруючых кадраў? Ну а як мы можам, ты ж у БНП…».
"Надбаўку за высокае прафесійнае майстэрства - ну не...". «Пакладзена прэмія за ўдзел у рамонтах у мінулым годзе? Але ж ты сябра БНП, цябе не будзе ў гэтым спісе…»
Нам цяжка, але цікава. У нейкі момант я зразумела: якое шчасце, што пазнаёмілася з гэтымі людзьмі, настолькі ўстойлівымі. Іх б'юць, а яны змагаюцца, іх б'юць, а яны супраціўляюцца» (з інтэрв'ю Вольгі Брыцікавай для «Салідарнасці»).
Аляксандр Сакалоў, актывіст «Рабочага Руху» (ініцыятыва для аб'яднання працуючых людзей у Рэспубліцы Беларусь для абароны сваіх грамадзянскіх, працоўных правоў і свабод – С.) пазнаёміўся з Вольгай на тым самым стыхійным мітынгу каля заводаўпраўлення «Нафтана» 14 жніўня 2020 года.
«Вольга заўсёды казала - калі выбіраць паміж матэрыяльным і маральным, я абяру маральнае. У яе была добрая пасада на «Нафтане» і добры заробак. Нават калі яна была звольненая і працягвала сваю дзейнасьць у Беларускім незалежным прафсаюзе, я ведаю, што ёй прапаноўвалі добрую пасаду і добры заробак. За мяжой у тым ліку.
Але Вольга была вельмі прынцыповая і настойлівая. Яна лічыла, што павінна дапамагаць людзям, што павінна імкнуцца змяніць жыццё да лепшага на Радзіме. Для яе ў першую чаргу былі важныя справядлівасць і дапамога людзям».
«Не магу сказаць: «Я не баюся, і ты не бойся!» Я таксама баюся, страх усё роўна ёсць. Мяне звольнілі, і я магла ціхенька, моўчкі шукаць іншую працу. Але тады ў мяне ўзнікла б адчуванне, што я здрадзіла тым, з кім прайшла шлях ад 14 жніўня.
Я палічыла для сябе важным застацца і выкарыстаць шанец, які ёсць ва ўсіх працаўнікоў «Нафтана» на аб'яднанне на абсалютна законных умовах, законнай прафсаюзнай пляцоўцы» (з інтэрв'ю Вольгі Брыцікавай для «Салiдарнасцi»).
У той час Вольга дапамагала вялікай колькасці людзей, у тым ліку тым, якія падвергліся рэпрэсіям. Пакуль рэпрэсіўная машына не пачала працу супраць яе самой.
Вольга атрымала 75 сутак арышту за выказванні супраць вайны. Потым яшчэ 15 за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Усяго ў 2022 годзе Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак.

Аляксандр Сакалоў: “Яна казала – я не магу змірыцца з тым, што адбываецца ў маёй Беларусі, я не магу з гэтым жыць. Хоць ёй казалі - Вольга, цябе пасадзяць, ты ж бачыш, што адбываецца. Яна адмовілася з'яжджаць і казала - гэта мая зямля, мая Радзіма, мой Наваполацк, і я буду змагацца за перамены».
У чарговы раз Вольгу затрымалі ў жніўні 2023 года і судзілі па артыкуле 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варожасці - С.). Брыцікава атрымала тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. У чэрвені 2024 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У жніўні 2024-га над Вольгай адбыўся яшчэ адзін суд, дзе яе судзілі па трох артыкулах і дадалі яшчэ тры гады калоніі. Пасля апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўны суд тэрмін другога прысуду скарацілі на 1 год. Усе абвінавачанні насілі надуманы характар. Рэальная «віна» Вольгі складалася ў нелаяльнасці дыктатарскаму рэжыму.
Максім Пазнякоў кажа: “Цяпер яна вымушана пяць гадоў сядзець у турме. Нажаль, у лютым гэтага года, зусім нядаўна, памерла маці Вольгі, і яна не змагла з ёй развітацца. Гэта вельмі трагічная гісторыя.
Я моцна хвалююся за Вольгу. Яна – прыклад моцнай і сумленнай жанчыны, якая спрабавала дабіцца справядлівасці, якая была гатова ісці на ахвяры і не хацела прагінацца перад сістэмай. А самае галоўнае - яна не хацела яе баяцца і не баялася».
Аляксандр Сакалоў дапаўняе: «Цяпер Вольга знаходзіцца ў Гомельскай жаночай калоніі. Нядаўна, у канцы студзеня 2025 года КДБ унёс яе ў так званы "спіс тэрарыстаў". Гэта было зроблена для таго, каб аказваць на яе дадатковы ціск - абмежаваць колькасць спатканняў, перадач, зносіны з людзьмі, гэта значыць ізаляваць ад знешняга свету і паспрабаваць зламаць. Але да гэтага часу яе падтрымлівае велізарная колькасць людзей, якія пішуць ёй лісты. Вольга - моцны чалавек, і я ўпэўнены, што зламаць яе не атрымаецца».
19 красавіка ў межах кампаніі «Прафсаюзная дзейнасць - не экстрэмізм!» пройдзе "Дзень дзеянняў за правы прафсаюзаў і дэмакратыю ў Беларусі" з патрабаваннем вызвалення беларускіх прафсаюзных лідэраў, якія знаходзяцца ў зняволенні.
Гэтая кампанія была запушчана з мэтай прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці да сітуацыі з правамі працоўных у Беларусі. У краіне адбываецца паліцэйскі тэрор, катаванні і цкаванне нязгодных з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку прафсаюзных актывістаў.
Кампанія заклікае да вызвалення прафсаюзных і палітычных зняволеных, спынення рэпрэсій супраць прафсаюзных актывістаў і аднаўлення гарантый легальнай дзейнасці незалежных прафсаюзаў.
Арганізатарам кампаніі выступаюць БКДП і Асацыяцыя "Салідарнасць", якая аказвае падтрымку прафсаюзным актывістам, а пачатак кампаніі прымеркаваны да гадавіны прафсаюзных пагромаў, учыненых рэжымам Лукашэнкі ў 2022 годзе.
«Я сустрэла мноства людзей, якія выбралі не маўчаць, не змірыліся з тым, што адбывалася і адбываецца навокал. Інакш было б не выжыць - шматлікія з нас памерлі б ад эмацыйнай напругі, якому няма вынахаду, акрамя хваробы…
Не трэба замахвацца на вялікае - бяры і рабі што можаш, з тым, што маеш, там, дзе ты ёсць. Хтосьці не жадае, лічачы, што гэта як дужацца з вятракамі. Або што "адзін у полі не ваяр".
Але калі кожны самотны воін выйдзе ў поле, то мы ўсе там абавязкова сустрэнемся і будзем не самотныя» (з інтэрв'ю Вольгі Брыцікавай для «Салiдарнасцi»).
Вікторыя Лявонцьева
Read this text in eng or ger or rus
Comments