20 жніўня ў Віцебскім абласным судзе пачаўся другі закрыты працэс над Вольгай Брыцікавай, былой старшынёй Першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза ААТ "Нафтан" з Наваполацка.
У красавіку яна была прыгаворана да трох гадоў пазбаўлення волі, а цяпер ёй прад'яўлены новыя абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: прапаганда экстрэмісцкай дзейнасці, узбуджэнне сацыяльнай варожасці і заклікі да санкцый, якія быццам бы пагражаюць нацбяспецы. Справу вядзе суддзя Яўген Буруноў.
Вольга Брыцікава прапрацавала на "Нафтане" 16 гадоў, але была звольнена за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яе неаднаразова затрымлівалі за пратэсты супраць вайны і распаўсюджванне матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі. У 2022 годзе яна правяла ў зняволенні 105 дзён, з іх 75 - запар.
8 красавіка Віцебскі абласны суд прызнаў яе вінаватай ва ўзбуджэнні сацыяльнай варожасці і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі. Гэты прысуд пакінулі ў сіле пасля апеляцыі ў Вярхоўным судзе. У чэрвені Вольгу перавялі ў жаночую калонію № 4 у Гомелі, а перад новым працэсам яе вярнулі ў СІЗА-2 у Віцебску.
Крыніца: "Вясна"
Comments