14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна пачаўся чарговы суд над палітычнай зняволенай і прафсаюзнай актывісткай Палінай Шарэндай-Панасюк. Яе абвінавачваюць па артыкуле 411 КК РБ — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Суддзя Станіслаў Іванюцэнка, які ў мінулым годзе ўжо дадаў ёй адзін год да тэрміну пазбаўлення волі, зноў разглядае гэтую справу.
Паліне пагражае дадатковы год зняволення, які будзе дададзены да амаль чатырох гадоў, ужо праведзеных у турме.
«Паліну перавялі туды, дзе яна ўжо была летась. Гэты ізалятар не прызначаны для тых, хто чакае суду. Там не выдаюць матрасаў і пасьцельнай бялізны, загадваюць класьціся спаць на мэталічных пласьцінах, а ў Паліны баліць сьпіна і таму яна мусіць начаваць на падлозе. Вось такія зьдзекі ў той дзень, калі ў Беларусі адзначаюць дзяржаўнае сьвята — Дзень маці! А тым часам маці дваіх дзяцей чацьвёрты год ня можа іх пабачыць і пакутуе ў жудасных умовах. Гэта ганьба ўсім!», — распавёў svaboda.org аб сітуацыі жонкі Андрэй Шарэнда.
Па словах Андрэя, яго жонка не спадзяецца на справядлівы зыход суда. На двух папярэдніх судах па тым самым артыкуле ёй дадалі адзін год пазбаўлення волі.
«Мяркую, што будзе тое самае, толькі летась суд цягнуўся тыдзень, а цяпер могуць зрабіць усё за пару дзён. Нават судзьдзя той самы — Станіслаў Іванюценка», — адзначыў Андрэй Шарэнда.
Муж зняволенай таксама выказвае трывогу наконт яе здароўя.
«Вядома агульнае — што ў яе ўвесь час баліць страўнік і сьпіна, але больш нічога ня ведаем. Зь вязьніцы пішуць, што „надаецца патрэбнае лячэньне“, але гэтым зьвесткам не давяраю», — распавёў Андрэй пра стан Паліны Шарэнды-Панасюк.
23 траўня 2024 года Паліна павінна была выйсці на волю пасля адбыцця 2,5 год зняволення. Аднак два дадатковыя тэрміны па адным годзе былі дададзеныя за нібыта «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі».
Крыніца: svaboda.org
Read this text in eng or рус
Comments