1 сакавіка 2025 года стартавала міжнародная кампанія " Прафсаюзны актывізм - не экстрэмізм!", накіраваная на прыцягненне ўвагі да сістэматычных рэпрэсій супраць незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Арганізатарамі выступілі Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і асацыяцыя e.V. Salidarnast.

Кампанія прымеркавана да гадавіны масавых рэпрэсій супраць прафсаюзнага руху ў 2022 годзе, калі беларускія ўлады ліквідавалі незалежныя прафсаюзы, арыштавалі іх лідараў і прызналі іх дзейнасць "экстрэмісцкай". Сёння ў турмах застаюцца дзясяткі прафсаюзных актывістаў, а сотні прайшлі праз арышты і катаванні.
У межах кампаніі, якая працягнецца да сярэдзіны чэрвеня 2025 года, арганізатары заклікаюць міжнародную супольнасць:
Патрабаваць вызвалення прафсаюзных зняволеных, накіроўваючы звароты ўладам Беларусі і арганізуючы акцыі салідарнасці.
Прасоўваць беларускае пытанне на міжнародным узроўні, удзельнічаючы ў міжнародных мерапрыемствах і сустрэчах.
Прыняць удзел у «Дні дзеянняў за правы прафсаюзаў і дэмакратыю ў Беларусі» 16 красавіка 2025 года, каб узмацніць ціск на рэжым.
Падтрымаць кампанію можна, запісаўшы відэазварот салідарнасці, удзельнічаючы ў дыскусіях і патрабуючы захавання міжнародных працоўных стандартаў.
Comments