Нямецкі дэпутат працягвае падтрымліваць зняволенага прафсаюзнага актывіста
- Salidarnast Belarus
- Apr 15
- 2 min read
Хельге Лімбург, дэпутат Бундэстага ад партыі "Саюз 90/Зялёныя", накіраваў шосты ліст Андрэю Пагерылу — палітычнаму зняволенаму і актывісту Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП).

У лісце, датаваным вясной 2025 года, Лімбург зноў выказаў салідарнасць з Андрэем, падкрэсліўшы важнасць дэмакратычных свабод і права кожнага чалавека на выказванне свайго меркавання, асабліва ва ўмовах рэпрэсій.
"Я працягваю спадзявацца, што мае лісты даходзяць да Вас і што Вы зможаце прачытаць мае словы. Мае думкі па-ранейшаму з Вамі", — піша Лімбург.
Ён зазначыў, што, нягледзячы на пераход сваёй партыі ў апазіцыю пасля парламенцкіх выбараў у Германіі, ён працягне сваё палітычнае шэфства над беларускім прафсаюзным актывістам. Дэпутат назваў змену ўлады часткай здаровай дэмакратыі і выказаў перакананасць, што голас палітыкаў павінен служыць тым, хто не можа свабодна размаўляць сам.
"Свабода меркаванняў — важны элемент дэмакратыі. Кожны павінен мець права адстойваць сваё меркаванне. Гэта яшчэ адна прычына, з якой я працягваю выступаць за вашу свабоду", — гаворыцца ў лісце.
Лімбург дадаў, што нават невялікі крок у бок, напрыклад, дазвол зняволеным перапісвацца з навакольным светам, стаў бы важным сігналам. Ён таксама паведаміў, што да ліста прыкладзены лісты для адказу і выказаў надзею атрымаць ад Пагерыла вестку.

Андрэй Пагерыла – адзін з мноства беларускіх прафсаюзных актывістаў, якія апынуліся за кратамі пасля масавых рэпрэсій супраць дэмакратычных прафсаюзаў у 2022 годзе. Слесар-рамонтнік цэха Аміяк-3 ААТ "Гродна Азот". Яго затрымалі 17 верасьня 2021 года. Утрымліваўся пад вартай у межах расследавання крымінальнай справы аб «дзяржаўнай здрадзе» па справе «Рабочага Руху». Прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі. У яго двое непаўнагадовых дзяцей. Нягледзячы на ціск рэжыму, салідарнасць з імі працягваюць выказваць палітыкі, праваабаронцы і прафсаюзы з усяго свету.
Палітычнае шэфства – інструмент міжнароднай кампаніі па падтрымцы палітвязняў, у рамках якой дэпутаты нацыянальных парламентаў бяруць на сябе маральную і публічную адказнасць за канкрэтнага вязня сумлення. У межах кампаніі #WeStandBY у дзясяткаў прафсаюзных зняволеных з'явіліся "хросныя".
Read this text in eng or рус
留言