Міжнародная прафсаюзная салідарнасць супраць рэпрэсій у Беларусі 29-30 лістапада ў нямецкім горадзе Брэмен прайшла Міжнародная прафсаюзная канферэнцыя пад назвай "Беларусь: дзеянні прафсаюзаў па артыкуле 33", арганізаваная Асацыяцыяй Salidarnast e.V.
Гэта падзея аб'яднала каля 40 прадстаўнікоў нацыянальных і міжнародных прафсаюзных аб'яднанняў, а таксама грамадскіх арганізацый з Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Афрыкі. Галоўная мэта мерапрыемства — скаардынаваць намаганні сусветнага прафсаюзнага руху для аказання ціску на ўрад Беларусі з мэтай выканання рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у рамках артыкула 33 яе Статута.
Беларусь на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў дэманструе сістэматычнае парушэнне працоўных правоў. Дзяржаўныя прадпрыемствы выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмент палітычнага ціску, абмежавання правоў работнікаў на аб'яднанне і ўзмацненне іх залежнасці ад наймальніка.
Паводле артыкула 33 Статута МАП, міжнародная супольнасць патрабуе ад Беларусі тэрміновага прыняцця трохбаковай місіі МАП для ацэнкі выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Найважнейшай задачай гэтай місіі павінна стаць наведванне незалежных прафсаюзных лідараў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Аднак патрабаванне да гэтага часу ўрадам не выканана.
Адкрываючы канферэнцыю, старшыня Асацыяцыі Salidarnast Лізавета Мерляк распавяла аб працы арганізацыі за мінулы год, падкрэсліўшы, што сітуацыя ў Беларусі, М'янме і Ганконгу кідае выклік усяму глабальнаму працоўнаму руху. Пасля гэтага пачалася першая дыскусійная панэль – «аўтарытарныя рэжымы і "жоўтыя" прафсаюзы: выклік глабальнаму працоўнаму руху".
Удзельнікі адзначылі ключавыя праблемы. Выкарыстанне аўтарытарнымі ўрадамі падкантрольных "жоўтых" прафсаюзаў для дыскрэдытацыі незалежнага прафсаюзнага руху. А таксама падрыў міжнародных прафсаюзных інстытутаў праз праўрадавыя арганізацыі, такія як Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).
Удзельнікі канферэнцыі, уключаючы прадстаўнікоў Public Services International (PSI) Даніэля Абрэка і Канфедэрацыя рэвалюцыйных працоўных прафсаюзаў Турцыі (DISK) Ківанча Эліясіка, падкрэслілі, што практыка ціску на прафсаюзы распаўсюджана ў Еўразіі і Афрыцы.
Даніэль Абрэка, адзначыў, што надышоў час прафсаюзнага руху краін Глабальнага Поўдня ўзмацніць падтрымку сваіх калег на Поўначы. Ківанч Элячык лічыць, што салідарнасць павінна быць двухбаковай - абмен інфармацыяй і каардынацыя намаганняў паміж рэгіёнамі дапамогуць узмацніць барацьбу.
Беларускі прафсаюзны лідар Максім Пазнякоў выказаў упэўненасць, што змены ўнутры краіны прывядуць да знікнення ФПБ як структуры. Сяргей Антусевіч дадаў, што на змену ФПБ прыйдзе новае аб'яднанне, якое абапіраецца на багаты досвед незалежнага прафсаюзнага руху апошніх 30 гадоў.
Кірыл Букетаў, які прадстаўляе Міжнародны саюз работнікаў харчовай і сельскагаспадарчай прамысловасці (IUF), адзначыў рызыкі інтэграцыі "жоўтых" прафсаюзаў з аўтарытарных краін у міжнародныя прафсаюзныя структуры.
- Уключаючы ў міжнародныя прафсаюзныя структуры "жоўтыя" федэрацыі прафсаюзаў мы рызыкуем. Паколькі ў адзін з дзён яны могуць падмяць дэмакратычныя арганізацыі пад сябе, - адзначыў прадстаўнік IUF.
Ён прапанаваў перайсці дэмакратычным прафсаюзам ад абарончых да наступальных стратэгій.
Другая панэль канферэнцыі была прысвечана міжнародным метадам ціску на палітычныя рэжымы, якія парушаюць правы працоўных. Абмеркаванні засяродзіліся на пытаннях прымянення артыкула 33 Статута МАП і прывязкі яго выканання да міжнародных санкцый. Удзельнікі, якія прадстаўлялі Нідэрланды, Германію, Італію, Польшчу, Францыю, Нарвегію, Швецыю і Швейцарыю, адзначылі складанасць у прасоўванні параграфа.
Былі выказаны прапановы па ўвядзенні індывідуальных санкцый супраць чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі незалежных прафсаюзаў і ўдзельнічалі ў пераследзе працоўных. А таксама ўключэнне артыкула 33 Статута МАП у патрабаванні для перагляду існуючых санкцыйных мер у дачыненні да Беларусі.
Франк Хофер заўважыў: «Цяпер над нашымі дзеяннямі насміхаюцца, але ніхто і не чакаў тых поспехаў, якіх мы ўжо дасягнулі. У будучыні смяяцца апошнімі будзем мы».
Удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі, што нягледзячы на абмежаванасць рэсурсаў, дзеянні, заснаваныя на прынцыпах салідарнасці, здольныя прывесці да значных змен. Галоўны пасыл мерапрыемства - толькі скаардынаваныя намаганні міжнароднага прафсаюзнага руху могуць садзейнічаць вызваленню прафсаюзных лідараў, захаванню працоўных правоў і справядлівасці.
Канферэнцыя ў Брэмене стала важным крокам на шляху да аб'яднання прафсаюзных намаганняў для барацьбы з аўтарытарызмам і парушэннем правоў працоўных.
Kommentare