У Сараева 4-5 снежня 2024 года прайшло пасяджэнне сеткі PERC, прысвечанае пытанням аховы працы ў краінах Паўднёва-Усходняй Еўропы і СНД. Мерапрыемства аб'яднала экспертаў і прафсаюзных актывістаў для абмеркавання праблем бяспекі на працоўных месцах, абароны працоўных і паляпшэння ўмоў працы. Сярод удзельнікаў быў Павел Сакалоўскі, прадстаўнік БКДП і былы прафсаюзны лідар на ААТ "Беларуськалій". Ён падрабязна расказаў аб бягучым становішчы працоўных у Беларусі.
Сакалоўскі звярнуў увагу на сур'ёзныя праблемы псіхалагічнага ціску на працоўных месцах. Ён адзначыў, што супрацоўнікаў падвяргаюць пастаяннаму кантролю: канфіскоўваюць тэлефоны, правяраюць падпіскі на так званыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, а прапагандысцкія каналы транслююць кадры затрыманняў на прадпрыемствах. Па словах Паўла, такая атмасфера страху і напружанасці пагаршае здароўе працаўнікоў і падрывае іх псіхалагічны стан.
Таксама ён указаў на грубае скажэнне статыстыкі ў Беларусі. Напрыклад, падчас пандэміі COVID-19 ні адна смерць урачоў не была прызнана прафесійнай, што пазбаўляе сем'і медыкаў кампенсацый. Павел падкрэсліў, што такая палітыка разбурае давер да дзяржаўных інстытутаў і перашкаджае ўкараненню эфектыўных мер па паляпшэнню ўмоў працы.
Асобнай тэмай пасяджэння стала абмеркаванне біялагічных рызык, у тым ліку ўздзеянне вірусаў і іншых патагенаў. Удзельнікі падкрэслілі неабходнасць распрацоўкі міжнародных стандартаў для абароны працаўнікоў. Беларуская сітуацыя выклікала занепакоенасць з-за нежадання ўладаў прызнаваць існуючыя рызыкі і прадстаўляць дакладныя звесткі.
Пасяджэнне стала важнай платформай для абмену досведам і пошуку рашэнняў. Павел Сакалоўскі адзначыў, што міжнародны націск і аднаўленне дзейнасці прафсаюзаў застаюцца ключавымі ўмовамі для паляпшэння становішча працоўных у краінах, дзе іх правы сістэматычна парушаюцца.
Read this text in eng or рус
Comments