12–13 снежня ў Берліне адбылося мерапрыемства, якое аб'яднала каля 30 прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Актывісты з прафсаюзаў, выкладчыкі, навукоўцы, студэнты, праваабаронцы ды іншыя ўдзельнікі сабраліся, каб абмеркаваць магчымыя рэформы сістэмы адукацыі ў будучай дэмакратычнай Беларусі. Арганізатарамі канферэнцыі «Прававыя падставы інклюзіўнай і даступнай для ўсіх адукацыі ў Беларусі» выступіў Глабальны Універсітэт Працы (GLU) і Асацыяцыя Salidarnast e.V.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Незалежнага прафсаюза адукацыі і навукі "Асветнік", "Сумленныя настаўнікі", Беларускага Хельсінскага камітэта і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі і іншых ініцыятыў.
Праблемы адукацыйнай сістэмы Беларусі
Дыскусія пачалася з аналізу ключавых праблем, якія тармозяць развіццё адукацыі ў краіне. Удзельнікі адзначылі поўную дзяржаўную манапалізацыю адукацыйнага працэсу і стрыманне прыватных ініцыятыў, мілітарызацыю, бюракратызацыю, палітызацыю і ідэалагізацыю вучэбнай сістэмы. Сітуацыю пагаршаюць недахоп фінансавання, адток студэнтаў і выкладчыкаў за мяжу, а таксама ізаляцыя ад міжнародных адукацыйных праграм. Акрамя таго, неразвітасць дыстанцыйнага навучання і адсутнасць канкурэнтнага асяроддзя спрыяюць агульнаму заняпаду.
На фоне інтэграцыі з адукацыйнай сістэмай Расіі расце колькасць сумесных праектаў, такіх як увядзенне цэнтралізаванага экзамену (аналаг АДЭ) і стварэнне адзіных падручнікаў, што ўзмацняе ізаляцыю Беларусі ад сусветнага і еўрапейскага адукацыйнага прастору. Удзельнікі таксама выказалі занепакоенасць недахопам праграм на беларускай мове і адсутнасцю раўнапраўя ў адукацыйных працэсах паміж педагогамі і навучэнцамі.
Рэзкае скарачэнне насельніцтва Беларусі - яшчэ адзін выклік. За апошнія 50 гадоў колькасць дзяцей школьнага ўзросту зменшылася больш як на 40 працэнтаў. Прагнозы ўказваюць на далейшае зніжэнне колькасці насельніцтва да 8 мільёнаў да 2050 года. У той жа час узмацняецца адток людзей з сельскіх раёнаў у гарады, што прыводзіць да зніжэння попыту на адукацыю ў сельскай мясцовасці. Гэтыя тэндэнцыі суправаджаюцца масавай эміграцыяй пасля 2020 года, што дадаткова ўзмацняе кадравы крызіс.
Стан сістэмы адукацыі пагаршаецца скарачэннем фінансавання, якое накіроўваецца на ваенны і сілавы сектары, а таксама жорсткім дзяржаўным кантролем над адукацыйнымі ўстановамі. Узмацненне жорсткасці рэпрэсій супраць іншадумцаў, масавыя звальненні выкладчыкаў па палітычных матывах і забарона на прафесію для «нядобранадзейных» кадраў падрываюць акадэмічнае асяроддзе. Гэтыя дзеянні прыводзяць да зніжэння якасці адукацыі і пагаршэння міжнароднага іміджу беларускіх універсітэтаў.
- Пры прыёме на працу існуе сістэма фільтрацыі ад палітычна «нядобранадзейных», - адзначае звольнены выкладчык БДУ. - Для пачатку, ты абавязаны ўступіць у «Белую Русь» ці ФПБ. Таксама выкарыстоўваецца ўведзеная сістэма характарыстык з ранейшага месца працы. Часам кандыдат навук не можа ўладкавацца нават у сярэднюю школу настаўнікам. У Беларусі, па сутнасці, уведзена забарона на прафесію. Цяпер з'явіўся кантроль за наведваннем выкладчыкамі "недружалюбных" краін або наяўнасці сваякоў за мяжой. Пасля паездкі педагога апытваюць ці праводзіцца анкетаванне. Тое, што ідзе пастаянная праверка сацыяльных сетак супрацоўнікаў - гэта ўжо нікога не здзіўляе.
Асаблівая ўвага надавалася нефармальнай адукацыі. Праблемы, звязаныя з яго развіццём, уключаюць недахоп фінансавання, адсутнасць прызнання вынікаў, раз'яднанасць ініцыятыў і цякучасць кадраў. Нягледзячы на гэта, нефармальная адукацыя застаецца важным інструментам для захавання незалежнага мыслення і альтэрнатыўных адукацыйных падыходаў.
Ініцыятывы і шляхі рэфармавання
Падчас мерапрыемства былі прадстаўлены два праекты канцэпцый рэформы адукацыі. Яны сталі прадметам ажыўленага абмеркавання: удзельнікі аналізавалі іх моцныя і слабыя бакі, абмяркоўвалі, што можна дапоўніць. Было таксама прапанавана вывучаць міжнародны вопыт дасягнення мэт устойлівага развіцця (ЦУР) у сферы адукацыі. Для супрацьдзеяння прапагандзе беларускіх уладаў удзельнікі выказалі ідэю стварэння "кааліцыі" для прасоўвання незалежных дадзеных аб стане адукацыі ў краіне.
Удзельнікі сышліся на думцы, што рэформа сістэмы адукацыі - гэта доўгатэрміновы працэс, да якога трэба рыхтавацца ўжо сёння. Сярод прапаноў прагучалі:
Стварэнне цэнтра для каардынацыі адукацыйных ініцыятыў і збору інфармацыі.
Распрацоўка і захаванне "філасофіі" адукацыі, а таксама стабілізацыя сістэмы.
Павышэнне прававой пісьменнасці педагогаў і студэнтаў.
Другі дзень мерапрыемства быў прысвечаны працы ў групах, дзе ўдзельнікі абмяркоўвалі канкрэтныя праблемы і шляхі іх вырашэння. Вынікі паказалі, што пытанні фінансавання, акадэмічных свабод і прававой падтрымкі застаюцца ключавымі для ўсіх узроўняў адукацыі.
Мерапрыемства ў Берліне стала важным крокам для аб'яднання педагогаў і актывістаў, зацікаўленых у рэфармаванні сістэмы адукацыі Беларусі. Удзельнікі сышліся на думцы, што ўтварэнне будучыні павінна грунтавацца на дэмакратычных каштоўнасцях, свабодзе асобы і сацыяльным партнёрстве. Самаарганізацыя педагогаў і рэалізацыя прапанаваных ініцыятыў могуць стаць асновай для пабудовы новай сістэмы, якая адпавядае выклікам сучаснасці і будучыні.
Read this text in рус or eng
Comments