У сувязі з апошнімі судовымі рашэннямі аб пазбаўленні волі прафсаюзных лідараў у Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Еўрапейскі саюз industiALL накіравалі лісты ў Еўрапейскую камісію, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскую раду і МАП.
У іх яны заклікаюць да неадкладных дзеянняў, у тым ліку з выказваннем грамадскай падтрымкі незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі, і заклікам запатрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага і безумоўнага вызвалення арыштаваных прафсаюзных актывістаў і спынення рэпрэсій у дачыненні да незалежных прафсаюзаў і асобных асоб, якія патрабуюць захавання іх правоў.
Глабальны саюз IndustriALL і Еўрапейскі саюз industriAll паўтараюць патрабаванне Камітэта экспертаў МАП па прымяненні канвенцый і рэкамендацый (КЭПКР) "вызваліць усіх прафсаюзных актывістаў, якія застаюцца ў зняволенні, і зняць усе абвінавачанні, звязаныя з удзелам у мірных пратэстах і забастоўках".
Генеральны сакратар IndustriALL Атле Хойе сказаў:
«Асуджэнне прафсаюзных лідараў за ажыццяўленне свайго законнага права на свабоду аб'яднання з'яўляецца грубым парушэннем прынцыпаў свабоды аб'яднання. Правы прафсаюзаў страчваюць усялякі сэнс пры адсутнасці поўнага захавання тых грамадзянскіх свабодаў, якія замацаваны ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, асабліва ў дачыненні да права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду ад адвольнага арышту і затрымання, свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, свабоду сходаў, правы на справядлівае судовае разбіральніцтва і правы на абарону прафсаюзнай уласнасці».
Больш за 30 беларускіх прафсаюзных лідараў і актывістаў дэмакратычных прафсаюзаў знаходзяцца ў турмах ці абмежаваныя ў свабодзе.
Некаторыя ўжо асуджаныя на вялізныя тэрміны - 9 гадоў узмоцненага рэжыму, як Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснеў. Іншыя ўжо паспелі адбыць турэмныя тэрміны, як актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
Так рэжым Лукашэнкі адрэагаваў на барацьбу незалежных прафсаюзаў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года незалежныя прафсаюзы ў Беларусі пастаянна падвяргаліся жорсткім нападкам, уключаючы ператрусы ў офісах прафсаюзаў і дамах сябраў прафсаюзаў, канфіскацыю мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў. Ціск на сябраў незалежных прафсаюзаў з мэтай прымусіць іх выйсці з прафсаюзаў. А ў ліпені 2022 года, наогул, ліквідавалі чатыры незалежныя прафсаюзы і іх аб“яднанне БКДП.
Крынiца: https://www.industriall-union.org/ru/belarus-dolzhna-osvobodit-zaklyuchennyh-profsoyuznyh-liderov-i-aktivistov
תגובות