25 лютага ў Парыжы прайшла буйная дэманстрацыя салідарнасці з Украінай, у якой прынялі ўдзел усе французскія прафсаюзы. На ёй узгадалі сітуацыю што склалася ў Беларусі, а таксама распавялі аб пераследзе беларускіх прафсаюзаў.
Прафсаюзныя актывісты распаўсюджвалі сярод удзельнікаў акцыі ўлёткі, у якіх гаварылася пра рэпрэсіі супраць беларускіх прафсаюзаў. Пазіцыя па сітуацыі ў Беларусі была агучаная перад удзельнікамі шматтысячнай дэманстрацыі. Выступаючыя таксама распавялі пра судовыя працэсы супраць прафсаюзных лідараў:
- Беларускі ўрад працягвае праводзіць жорсткія рэпрэсіі супраць незалежнага ад улады прафсаюзнага руху і яго лідараў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі забастовак і дэманстрацый падчас масавага пратэстнага руху летам 2020 года. Лідары БКДП плацяць за свабодны прафсаюзны рух і барацьбу! CGT патрабуе, каб яны былі вызвалены ад гэтых несправядлівых абвінавачанняў і неадкладна вызвалены з турмы!
Сваё выступленне яны скончылі заклікам да салідарнасці з Украінай, якая супраціўляецца, і патрабаваннямі свабоды для Беларусі.
Трэба адзначыць, што 25 студзеня 2022 года французскія прафсаюзы звярнуліся да міністра замежных спраў Францыі з мэтай звярнуць увагу ўрада Францыі на сітуацыю ў Беларусі і лёс кіраўніцтва Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Ліст падпісалі ўсе прэзідэнты або генеральныя сакратары французскіх прафсаюзаў.
CGT таксама звярнула ўвагу на беларускіх зняволеных на сустрэчы з прадстаўнікамі французскай дыпламатыі і Міністэрства працы Францыі на мінулым тыдні. На сустрэчы прадстаўнікі прафсаюза папрасілі амбасадара Францыі ў Беларусі прыняць удзел у судовым паседжанні, якое адбудзецца 24 сакавіка ў Мінску.
Comments