На 112-й Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе, Камітэт па прымяненні стандартаў МАП правёў спецыяльную сесію, прысвечаную абуральным парушэнням працоўных правоў у Беларусі. Удзельнікі абмеркавалі трывожныя сведчанні рэпрэсій і пераследу прафсаюзных лідэраў з боку беларускага ўрада.
Камітэт па нормах і стандартах МАП, на Спецыяльнай сесіі па Беларусі, заслухаў даклады па пытанням парушэння Беларуссю канвенцый Міжнароднай Арганізацыі Працы і выканання Рэзалюцыі МАП, прынятай мінулым годзе.
Прадстаўнікі боку працоўных паведамілі Камітэту, што цягам апошніх трох гадоў дзейны палітычны рэжым ліквідаваў усе незалежныя прафсаюзы і афіцыйна забараніў іхную дзейнасьць у краіне. У турмы былі пасаджаныя амаль 60 прафсаюзных лідараў і актывістаў. Сярод іх выконваючы абавязкі члена Адміністрацыйнай рады МАП; віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (ITUC); Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, які быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі.
Падчас пратэстаў у жніўні 2020 года, тысячы працоўных у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі Лукашэнкам выбараў, выйшлі з праўладнай Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі і сталі сябрамі свабодных і дэмакратычных прафсаюзаў. На дзясятках прадпрыемствах былі створаны новыя прафсаюзныя першасныя арганізацыі. Гэта выклікала шаленства ў кіраўніцтва прадпрыемстваў і сілавых структур. Ніводнай з новаствораных арганізацый не дазволілі прайсці рэгістрацыю, а іх актывісты падвергліся пераследу.
Пасля гэтага Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, які цягам апошніх 20 гадоў увесь час падвяргаўся дыскрымінацыі з боку рэжыму Лукашэнкі, улады сталі разглядаць як рэальную палітычную пагрозу. Рашэнне аб знішчэнні цэнтра дэмакратычных прафсаюзаў было прынятае ўладамі пасля таго, як БКДП адкрыта выступіў супраць ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны і запатрабаваў вывесці расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі.
Прадстаўнікі МАП адзначылі, што ўсе дасягненні за апошнія дзесяцігоддзі па паляпшэнні ўзаемаадносін паміж уладамі, працадаўцамі і незалежнымі прафсаюзамі былі пахаваны пасля 2020 года.
Рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць працоўных прывялі да таго, што 12 чэрвеня 2023 года на Міжнароднай канферэнцыі працы, у дачыненні да Беларусі была прынятая Рэзалюцыі МАП. Рэзалюцыя заклікае да дзеянняў у адпаведнасці з артыкулам 33 Статута МАП для забеспячэння выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні і выкананні Канвенцыі аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права на арганізацыю 1948 года (№ 87) і Канвенцыі 1949 года аб праве на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоваў (№ 98 ).
Прадстаўнік беларускага ўрада, Ігар Старавойтаў, ва ўжо вядомай манеры адмаўляў усе прэтэнзіі міжнароднай арганізацыі называючы гэтае пытанне палітызаваным і справакаваным заходнімі дзяржавамі. Заяўляючы, што такія дзеянні маюць на мэце пагоршыць эканамічнае становішча простых людзей, каб выклікаць сацыяльнае напружанне ў грамадстве. Па меркаванні ўрада, усё змянілася пасля 2020 года і ў гэтым няма віны Беларусі. У арганізацыі беспарадкаў, на думку Старавойтава, удзельнічалі і структуры, якія аб'ядналіся пад дахам БКДП.
Чыноўнік зазначыў, што МАП стала пляцоўкай для лабістаў з краін Захаду, якія спрабуюць аказаць ціск на Беларусь. А ўсё, што адбываецца ў краіне - унутраная справа. Такую пазіцыю падтрымалі прадстаўнікі Кітая, Расіі, Егіпта, Венесуэлы, Кубы, Нікарагуа, Лаоса, Эрытрэі, Азербайджана, Казахстана, Туркменістана, Сірыі і Малі. Па сутнасці, тыя краіны, дзе захаванне правоў працоўных не з'яўляюцца прыярытэтнымі.
Іх прадстаўнікі адзначылі, што ў Беларусі прысутнічае паўнавартаснае прафсаюзнае аб'яднанне ў выглядзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая прывезла на сесію 12 чалавек на чале з новаабраным старшынёй Юрыем Сянько. Ён у сваю чаргу агучыў колькасць членаў, якія знаходзяцца ў ФПБ, першасных арганізацый, а таксама колькасць заключаных тарыфных і калектыўных дагавораў членскімі арганізацыямі. Астатнія тэзісы дубліравалі ўрадавую пазіцыю, агучаную Старавойтавым.
Аднак гэта не пераканала ні бок працаўнікоў, ні ўрадаў, ні працадаўцаў.
Кіраўнік боку работнікаў Марк Леманс, адзначыў пагаршэнне сітуацыі і пераслед прафсаюзных актывістаў у краіне, якое працягваецца. Ён прывёў у якасці прыкладу заведзеныя крымінальныя справы на Леаніда Судаленку, які ўжо вызваліўся, і арыштаваную Вольгу Брыцікаву. Узмацненне жорсткасці ўмоў утрымання для Аляксандра Ярашука. Унясенне матэрыялаў арганізацыі Salidarnast у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а ФПБ назваў залежнай ад дзяржавы арганізацыяй.
Пол Нол, кіраўнік прадстаўнікоў працадаўцаў, таксама адзначыў адсутнасць прагрэсу ў выкананні патрабаванняў МАП і рэзалюцыі па Беларусі прынятай на леташняй канферэнцыі. Ён заклікаў улады Беларусі да дыялогу і супрацоўніцтва.
Прадстаўнікі краін Еўрапейскага Саюза, Паўночнай Еўропы, Швейцарыі, Канады, ЗША, Вялікабрытаніі ў сваіх выступах са шкадаваннем прызналі, што за мінулы год сітуацыя не мяняецца і ўлады Беларусі не зрабілі ніякіх крокаў для яе вырашэння. Прадстаўнік Канады Сільван Лабержэ, адзначыў, што працоўных пазбаўленых права на аб'яднанні прымушаюць уступаць у адзіны прафцэнтр у краіне - ФПБ.
Прадстаўнікі Бразіліі і Калумбіі адзначылі, што іхнія краіны таксама прайшлі праз дыктатуру і пераслед прафсаюзных актывістаў. У тым ліку і дзейны прэзідэнт Бразіліі Лула дэ Сільва, прайшоў праз турмы за прафсаюзную дзейнасць. Антоніа Вале заклікаў вызваліць прафсаюзных актывістаў з турмаў за ўдзел у мірных пратэстах.
Імя Аляксандра Ярашука паўтаралася ў практычна кожным выступленні з патрабаваннем яго вызвалення. Як і імёны іншых прафсаюзных актывістаў. Разіта Элі Сілабан з Інданезіі пералічыла імёны ўсіх жанчын-прафсаюзніц, якія знаходзяцца ў турмах. А Кірыл Букетаў, які прадстаўляе IUF, нагадаў аб сем'ях прафлідэраў, якія не маюць магчымасці атрымліваць гуманітарную дапамогу. Патрабаванне вызвалення прафсаюзных актывістаў Беларусі паўтарылі прадстаўнікі IndustiALL, BWI і PSI.
На паседжанні камітэта прысутнічалі і прадстаўнікі ліквідаваных уладамі Беларусі незалежных прафсаюзаў. У прыватнасці, ад Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў ITUC, выступіў Максім Пазнякоў, выконваючы абавязкі старшыні БКДП, які адзначыў, што ўсе канструктыўныя прапановы Адміністрацыйнай рады і бюро працы МАП, урад абвяргае.
- Замест супрацоўніцтва і спроб выйсці з гэтай сітуацыі, беларускі ўрад, пры дапамозе падкантрольнай яму ФПБ, спрабуе пераканаць увесь свет, што ў выніку прыняцця рэзалюцыі, МАП увяла эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія наносяць шкоду працоўным і ўразлівым катэгорыям насельніцтва і з'яўляюцца палітычным ціскам. Гэтыя заявы, з'яўляюцца спробай увесці ўсіх у зман.
Ён адзначыў, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі, былі ўведзеныя абсалютна за іншыя дзеянні і задоўга да прыняцця Рэзалюцыі і падтрымаў усе прапановы МАП. Уключаючы напрамкі трохбаковай місіі і назначэння спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага дырэктара.
Варта адзначыць, што на сесіі прысутнічаў Генеральны дырэктар МАП Жыльбэр Унгба, што гаворыць аб важнасці гэтай павесткі для арганізацыі працы.
Пазнякоў таксама запатрабаваў неадкладнага выключэння ўсіх прафсаюзнікаў са спісаў экстрэмістаў і тэрарыстаў. Забяспечыць тэрміновы доступ незалежных медыцынскіх работнікаў да Аляксандра Ярашука, Васіля Бераснева, Вацлава Арэшкі і Генадзя Фядыніча.
У патрабаванні прадстаўніка ITUC увайшлі і сумеснае выкарыстанне механізмаў спецыяльных працэдур МАП і ААН: даклады, лісты-заклікі, тэрміновыя звароты, заявы для прэсы, візіты на месцы. А таксама стварэнне працоўнай групы па агульнай працы МАП і іншых інстытуцый ААН пад эгідай 33 артыкула Статута МАП. Распрацаваць дакладны механізм збору інфармацыі аб прынятых мерах дзяржавамі ў рамках рэзалюцыі па Беларусі, у тым ліку прадстаўленні штогадовых дакладаў для разгляду па Адміністрацыйнай радзе ў сакавіку.
У завяршэнні трохгадзіннай сесіі старшынствуючы Лукаш Разыцкі нагадаў, што рашэнне Камісіі будзе падрыхтавана 13 чэрвеня. Не выключана, што па гэтым пытанні будзе прызначанае галасаванне, паколькі беларускі бок адзначыў адсутнасць кансэнсусу па пытанні.
Камітэт па прымяненні стандартаў - неад'емная частка кантрольнай сістэмы МАП, паколькі ён правярае выкананне стандартаў МАП краінамі-членамі. CAS складаецца з прадстаўнікоў урадаў, дэлегатаў ад працадаўцаў і ад працоўных і з'яўляецца пастаянным камітэтам Міжнароднай канферэнцыі працы.
Прадстаўнікі групы працоўных і групы працадаўцаў абмяркоўваюць сітуацыю і складаюць спіс з краін, у якіх ёсць сур'ёзныя парушэнні канвенцый МАП, ратыфікаваных гэтымі краінамі. Урады павінны даць адказ і прадставіць інфармацыю па гэтым выпадку. Гэтыя выпадкі абмяркоўваюцца на пленарным пасяджэнні Канферэнцыі.
Comments