У гэты дзень па ўсёй Нямеччыне прайшлі дэманстрацыі. Аб'яднанне нямецкіх прафсаюзаў DGB сёлета арганізавала акцыі пад лозунгам "Больш заработнай платы, больш вольнага часу, больш бяспекі". Сярод удзельнікаў акцыяў былі і беларускія прафсаюзныя актывісты з асацыяцыі "Салідарнасць".
Сябры беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў прынялі ўдзел у акцыях пратэсту ў Брэмене і Берліне. На майках удзельнікаў з Беларусі было напісана патрабаванне вызваліць палітычных зняволеных - прафсаюзных лідараў з турмы.
Актывісты Salidarnast у Брэмене і Берліне
Прафсаюзы якія ўваходзяць у DGB, таксама заклікалі работнікаў абараняць дэмакратыю і супрацьстаяць нянавісці і рознагалоссям. Гэты заклік стаў вядучым сярод прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Міжнародную Канфедэрацыю Прафсаюзаў (МКП).
Кампанія МКП "За дэмакратыю" накіравана на тое, каб прафсаюзы пачалі дзейнічаць прама зараз, каб спыніць трывожны заняпад дэмакратыі і адначасовы рост нападак на правы працоўных.
Генеральны сакратар МКП Люк Трайангл заявіў:
«Прафсаюзы - найбуйнейшы грамадскі рух у свеце. Мы штодня ўвасабляем і практыкуем дэмакратычныя каштоўнасці, і надышоў час пацвердзіць нашу прыхільнасць да абароны і прасоўвання гэтых прынцыпаў ва ўсім свеце. Дэмакратыя - гэта не проста палітычны ідэал, а жывая рэальнасць, якую працоўныя маюць унікальную магчымасць абараняць і ўмацоўваць».
У Брэмене дэманстрацыя DGB прайшла маршам праз Остэрдайх да Домсхофа. Цэнтральнае мерапрыемства DGB прайшло сёлета ў Гановеры. Тут выступіла старшыня DGB Ясмін Фахімі.
Σχόλια