top of page
Search

Як дабіцца справядлівасці пры адмене шкоднасці па прафесіі з дапамогай КПС?

Раней мы спыняліся на пытанні, што рабіць у выпадку скасавання шкоднасці па прафесіі? Разгледзім дадзенае пытанне з пункта гледжання калектыўнай працоўнай спрэчкі.



Згодна з артыкулам 377 Працоўнага кодэкса, Калектыўная працоўная спрэчка – гэта неўрэгуляваныя рознагалоссі бакоў калектыўных працоўных адносін наконт устанаўлення, змянення сацыяльна-эканамічных умоў працы і побыту работнікаў, заключэння, змянення, дапаўнення, выканання або спынення калектыўных дагавораў, пагадненняў.


Бакамі калектыўнай працоўнай спрэчкі з'яўляюцца наймальнік і работнікі ў асобе іх прадстаўнічых органаў (прафсаюз).

У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў патрабаванні наймальніку зацвярджаюцца на сходзе, канферэнцыі большасцю галасоў прысутных работнікаў (дэлегатаў канферэнцыі). Сход лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае больш за палову работнікаў, а канферэнцыя – не менш як дзве трэці дэлегатаў. Патрабаванні работнікаў выкладаюцца ў пісьмовай форме і накіроўваюцца наймальніку.


Наймальнік абавязаны разгледзець патрабаванні і ў пісьмовай форме не пазней як у дзесяцідзённы тэрмін з дня іх атрымання паведаміць аб сваім рашэнні прадстаўнічы орган работнікаў і ў трохдзённы тэрмін з даты адмовы ў задавальненні ўсіх або часткі патрабаванняў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб узніклай калектыўнай працоўнай спрэчцы.

Калектыўныя працоўныя спрэчкі разглядаюцца:


1) камісіяй па прымірэнню;

2) з удзелам пасярэдніка;

3) у працоўным арбітражы.


Разгляд калектыўнай працоўнай спрэчкі прымірыцельнай камісіяй з'яўляецца абавязковым.

У адпаведнасці з артыкулам 380 Працоўнага кодэкса пры адмове наймальніка ад задавальнення ўсіх або часткі патрабаванняў работнікаў або непаведамленні аб сваім рашэнні ў трохдзённы тэрмін ствараецца прымірыцельная камісія. Прымірыцельная камісія фарміруецца з прадстаўнікоў бакоў калектыўнай працоўнай спрэчкі на раўнапраўнай аснове. Члены прымірыцельнай камісіі могуць быць вызначаны папярэдне ў калектыўным дагаворы, пагадненні.


Прымірыцельная камісія праводзіць неабходныя перагаворы з прадстаўнічымі органамі работнікаў, наймальнікам і ў пяцідзённы тэрмін з даты яе стварэння прымае па пагадненню бакоў рашэнне па ўзнікшай калектыўнай працоўнай спрэчцы, якое афармляецца пратаколам і ў пісьмовай форме накіроўваецца бакам калектыўнай працоўнай спрэчкі.


Пры згодзе з рашэннем прымірыцельнай камісіі калектыўная працоўная спрэчка спыняецца. Пры недасягненні згоды ў прымірыцельнай камісіі бакі калектыўнай працоўнай спрэчкі па пагадненню паміж імі могуць звярнуцца да пасярэдніка або ў працоўны арбітраж.

Аб парадку разгляду калектыўнай працоўнай спрэчкі з удзелам пасярэдніка або працоўным арбітражом мы пагаворым у наступнай прафсаюзнай кансультацыі.


Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Read this text in рус

Comentários


Os comentários foram desativados.
bottom of page