У працоўных адносінах краевугольным каменем справядлівасці, з'яўляецца належная аплата працы. Таму існуе неабходнасць у дакладных і эфектыўных механізмах абароны правоў работнікаў. Адным з найбольш важных аспектаў гэтай абароны з'яўляецца магчымасць спагнання запазычанай заработнай платы ў выпадку яе нявыплаты. У дадзеным артыкуле мы разгледзім ключавыя варыянты і парадак ажыццяўлення гэтага працэсу, а таксама закранем важныя дэталі, якія кожны работнік павінен ведаць, сутыкаючыся з падобнымі сітуацыямі.
Калі работнік сутыкаецца з адмовай у выплаце заробку, узнікае неабходнасць у актыўных дзеяннях для абароны сваіх інтарэсаў. У такіх сітуацыях работнік мае права звярнуцца як у камісію па працоўных спрэчках, так у натарыяльную кантору, альбо непасрэдна ў суд.
Спагнанне зарплаты праз камісію па працоўных спрэчках (КПС)
Камісія па працоўных спрэчках (калі яна створана) з'яўляецца абавязковым першасным органам па разглядзе працоўных спрэчак, за выключэннем выпадкаў, калі Працоўным кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі ўстаноўлены іншы парадак іх разгляду.
Камісія па працоўных спрэчках разглядае спрэчкі работнікаў - членаў адпаведнага прафсаюза, звязаныя з прымяненнем заканадаўства аб працы, калектыўных дагавораў, пагадненняў і іншых лакальных прававых актаў, працоўных дагавораў.
ВАЖНА ВЕДАЦЬ: Работнік – які не з“яўляецца сябрам прафсаюза мае права на свой выбар звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках альбо ў суд.
У камісію па працоўных спрэчках работнік падае заяву, якая падлягае абавязковай рэгістрацыі. Спрэчка разглядаецца ў прысутнасці работніка, які падаў заяву. Разгляд спрэчкі ў адсутнасць работніка дапускаецца толькі па яго пісьмовай заяве. Камісія па працоўных спрэчках абавязана разгледзець працоўную спрэчку ў дзесяцідзённы тэрмін.
Рашэнне камісіі па працоўных спрэчках можа быць абскарджана работнікам або наймальнікам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Працоўным кодэксам, у судзе ў дзесяцідзённы тэрмін з дня ўручэння ім копіі рашэння камісіі па працоўных спрэчках.
Спагнанне заробку ў натарыяльным парадку
ВАЖНА ВЕДАЦЬ: Да натарыуса працаўнік мае права звярнуцца за здзяйсненнем выканаўчага надпісу аб спагнанні запазычанасці наймальніка па налічанай, але не выплачанай заработнай плаце.
Для здзяйснення выканаўчага надпісу работнік павінен прадставіць натарыусу дакумент, які змяшчае звесткі аб месцы працы, суме запазычанасці па налічанай, але не выплачанай работніку заработнай плаце, тэрмінах выплаты, падпісаны кіраўніком арганізацыі і галоўным бухгалтарам, змацаваны пячаткай арганізацыі. Пры немагчымасці прадастаўлення натарыусу такога дакумента, работніку будзе адмоўлена ва ўчыненні выканаўчага надпісу, тады ён мае права звярнуцца па спагнанне запазычанасці па заработнай плаце ў суд.
У выпадку ўчынення натарыусам выканаўчага надпісу работніку не трэба звяртацца ў суд па спагнанне запазычанасці па заработнай плаце. Выканаўчы надпіс з'яўляецца выканаўчым дакументам, таксама як і выканаўчы ліст, які выдаецца на падставе рашэння суда.
Спагнанне заработнай платы ў судовым парадку
Па спагнанне запазычанасці па заработнай плаце работнік мае права звярнуцца ў суд з іскавай заявай аб спагнанні нявыплачанай заработнай платы. Такая заява падаецца ў суд па месцы знаходжання адказчыка, якім з'яўляецца наймальнік.
Іскавая заява павінна адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад'яўляюцца да працэсуальных дакументаў, а таксама патрабаванням, прадугледжаным для іскавых заяў, замацаваным у Грамадзянскім працэсуальным кодэксе.
ВАЖНА ВЕДАЦЬ: Па дадзенай катэгорыі спраў работнік вызвалены ад аплаты дзяржаўнай пошліны.
Для прад'яўлення такіх патрабаванняў работнікам заканадаўствам устаноўлены трохмесячны тэрмін з дня, калі ён даведаўся або павінен быў даведацца аб парушэнні свайго права. Работнік можа звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках або ў суд па заканчэнні ўказанага тэрміну, калі ў яго ёсць доказы прызнання наймальнікам запазычанасці, у тым ліку і за тэрмін, які перавышае трохмесячны. У якасці такіх доказаў судом могуць быць прыняты разліковыя лісткі, даведкі наймальніка, у якіх указаны запазычанасці па заработнай плаце з улікам запазычанасцей мінулых перыядаў.
Работнік мае права на спагнанне заработнай платы з улікам індэксацыі, калі затрымка яе выплаты складае каляндарны месяц і больш у параўнанні з тэрмінам, устаноўленым заканадаўствам, лакальным нарматыўным прававым актам наймальніка, працоўным дагаворам (кантрактам) работніка. Індэксацыю несвоечасова выплачаных сум праводзяць арганізацыі незалежна ад форм уласнасці па месцы іх налічэння.
Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.
Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.
Read this text in рус
Comments