У Дзень Беларускай вайсковай славы – 8 верасня адбылася творчая сустрэча аўтара кнігі «Беларуская Нацыянальная Ідэя ў выгнанні і на вайне» з беларусамі Брэмена.
Беларуская нацыянальная ідэя — якая яна і ці ёсць яна ўвогуле? Цягам некалькіх гадоў вядучы праграмы на Еўрарадыё «Ідэя Х» Зміцер Лукашук шукае адказы на гэтыя пытанні разам з гасцямі ў студыі. Трэці том з серыі кніг, з якім прыехаў у Брэмен Лукашук, пра тое, адкуль мы, хто мы і куды ідзем. У кнізе сабраныя 67 інтэрв’ю, якія журналіст «Еўрарадыё» правёў у межах праграмы. Яны прысвечаныя таму, як заставацца беларусам нават у далёкім замежжы і як заставацца чалавекам нават на вайне.
Гэтым разам сярод герояў кнігі як прадстаўнікі «маладой дыяспары» з Польшчы, Літвы альбо Грузіі, так і тыя беларусы, якія з’ехалі за мяжу шмат гадоў таму, каго раскідала па абодвух кантынентах — беларусы ЗША і Канады, Бразіліі і Аўстраліі, Ізраіля і Новай Зеландыі. Да ўсяго, сярод герояў кнігі сапраўдныя героі — тыя беларусы, хто ваюе за свабоду Украіны і Беларусі ў Палку імя Каліноўскага, батальёне «Тэрор», Палку «Пагоня», у шэрагах Збройных сіл Украіны.
Сустрэча, якая цягнулася больш за дзве гадзіны, перарасла ў дыскусію аўтара і ўдзельнікамі мерапрыемства. Па меркаванню Змітра, нягледзячы на ўсю нацыянальную «тоўстаскурасць» беларусаў у пэўны час нацыянальная ідэнтычнасць праяўляе сябе, як гэта было ў 2020 годзе:
- Дваццаты год стаў вельмі моцным стрыбком і аказалася, што ў кожнага дзесці там, пад глыбока сцэментаваным рускамірствам, ці яшчэ нечым, знаходзіцца беларускі арнамент. Я неяк выйшаў на адзін з вялізных маршаў на праспект у раёне плошчы Незалежнасці, гляджу а там мора сцягоў - бел-чырвоана-белых. Адкуль яны ўзяліся?
Таксама аўтар кнігі лічыць, што нягледзячы на масавую міграцыю, якая па некаторых меркаваннях можа быць больш за 1 мільён чалавек, гэты момант можа спрыяльна ўплываць на будучыню Беларусі.
- Па меркаванню некаторых сацыёлагаў у нашай нацыі адкрываюцца вялізныя перспектывы. Зараз беларусы могуць сапраўды спазнаць гэты свет. Атрымаць адукацыю і досвед. Безумоўна, мы разумеем, што чым болей мы тут знаходзімся, тым меней людзей вернецца ў Беларусь. Але і шмат вернецца з досведам, грашыма, ведамі і жаданнем пабудаваць новую Беларусь. Бо мы цудоўна разумеем, што калі заўтра Лукашэнка «лясне», гэта не азначае, што мы можам на наступны дзень туды вярнуцца. Нават калі мы зможам туды вярнуцца, нас чакае шмат працы.
Пасля афіцыйнай часткі прэзентацыі, удзельнікі мерапрыемства змаглі набыць сабе кнігі і паразмаўляць з Змітром Лукашуком з кубкам кавы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за дваццаць беларусаў. Сустрэча прайшла ва Ўніверсітэце Брэмена пры падтрымцы аб“яднання беларусаў Нямеччыны «Razam» і Асацыяцыі «Salidarnast».
Comments