top of page
Search

На паседжанні жаночага камітэта IUF распавялі пра становішча жанчын-прафсаюзніц у беларускіх турмах

Updated: May 21

13 мая, у Лазане (Швейцарыя), на паседжанні Жаночага камітэта Сусветнага саюза харчавікоў, работнікаў сельскай гаспадаркі і гатэльнага бізнэсу IUF, абмяркоўваліся актуальныя праблемы і дасягненні ў галіне правоў жанчын у розных рэгіёнах свету, уключаючы Беларусь.



Лізавета Мерляк, прадстаўніца Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП) ў жаночым камітэце па Усходне-Еўрапейскім і Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, удзельнічала ў мерапрыемстве ў якасці назіральніка.


Сярод выступаючых была і прадстаўніца нашага рэгіёну Надзея Бурлака (Украіна), якая расказала аб сітуацыі ва Украіне, Грузіі, Малдове і Кыргызстане. Яна закранула тэмы прасоўвання правоў жанчын і прыняцці 190-й канвенцыі МАП (Аб выкараненні гвалту і дамаганняў на працоўным месцы) у Кыргызстане. Калі гаворка зайшла пра Беларусь, слова перадалі Лізавеце Мерляк.


У сваім выступе прадстаўніца Беларусі падкрэсліла цяжкае становішча жанчын у беларускіх турмах, дзе знаходзяцца сем прадстаўніц прафсаюзаў асуджаных за прафсаюзную актыўнасць. Яна апісала ўмовы ўтрымання і прымусовую працу, з якой сутыкаюцца зняволеныя жанчыны.


Лізавета заклікала членаў IUF ніколі не здавацца ў барацьбе з несправядлівасцю і няроўнасцю, а таксама рабіць усё магчымае для захавання свабоды аб'яднання працоўных, якую лёгка страціць, але практычна немагчыма вярнуць.

На паседжанні таксама абмяркоўваліся пытанні няроўнасці, гвалту і магчымасцяў, звязаных з гендэрным кантэкстам. Быў прыведзены прыклад Індыі, дзе паўстагоддзя таму была створана арганізацыя SEWA, якая аб'ядноўвае самазанятых жанчын. У гэтым годзе IUF плануе правесці міжнародны дзень жанчын, занятых у нефармальнай эканоміцы.


Адмысловая ўвага была нададзена кліматычнаму крызісу, які таксама сур'ёзна ўплывае на становішча жанчын. Акрамя таго, абмяркоўвалася праграма, якая дазваляе працадаўцу самастойна разлічыць, які павінен быць заробак у супрацоўніка на працоўным месцы незалежна ад яго полу.


Беларускі Незалежны прафсаюз, які з'яўляецца членскай арганізацыяй Сусветнага саюза харчавікоў, работнікаў сельскай гаспадаркі і гатэльнага бізнэсу (IUF), працягвае атрымліваць важкую палітычную падтрымку ад сакратарыята IUF.


Read this text in рус or eng


Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page