top of page
Search

«Лісты дапамагаюць пісаць іншыя зняволеныя»

Updated: 5 days ago

Сярод тых, за каго асабліва непакояцца сваякі і калегі па прафсаюзах, — актывіст прафсаюзу РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці) Вацлаў Арэшка, піша "Свабода".



Вацлаў Арэшка — адзін з самых узроставых палітычных вязняў у Беларусі: у студзені будучага году яму споўніцца 70. За кратамі Вацлаў з 19 красавіка 2022 году. У той дзень адначасова былі арыштаваныя кіраўнікі і найбольш вядомыя актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў, сярод іх і палітолаг Вацлаў Арэшка. Амаль праз год, у студзені 2023-га, Вацлаў Арэшка быў асуджаны на 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх асудзілі актывіста, быў артыкул 361-1 пра стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» і ўдзел у ім. Гэткім фармаваннем беларускія ўлады прызналі прафсаюз РЭП, як і іншыя незалежныя прафесійныя аб'яднанні.


Спачатку адбываць пакаранне Вацлава Арэшку адправілі ў калонію № 17 у Шклове, а ў снежні 2023 году перавялі ў ПК-22, калонію «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі.


Вядома, што ў Калоніі Вацлаў Арэшка не працуе, часта звяртаецца па дапамогу да дактароў. Сваячка актывіста, якая жыве за мяжой, паведаміла пра ягоны стан здароўя:


«На жаль, няма добрых навін аб здароўі. У яго расслаенне сеткавіцы вока, катаракта і глаўкома. Пісаць дамоў яму цяпер дапамагаюць іншыя зняволеныя, таму лісты ад яго напісаныя чужой рукой, а сам ён ня можа пацэліць у лінейкі. Лісты даходзяць, ёсць званкі раз на некалькі тыдняў. Чым займаецца ў вольны час? У яго ёсць павелічальнае шкло, і з яго дапамогай ён спрабуе чытаць кнігі, якія бярэ ў бібліятэцы», — расказала сваячка палітвязня Вацлава Арэшкі.

У канцы жніўня на волю па памілаванні выйшаў лідар прафсаюзу РЭП Васіль Берасьнеў, які мае ўзрост 74 гады і таксама, як і Вацлаў Арэшка, вялікія праблемы са здароўем.


Сваякі Вацлава Арэшкі кажуць, што разлічвалі ўбачыць яго ў двух спісах памілаваных палітвязняў, якія выйшлі волю з таго часу.


Крыніца: ''Savaboda''


Read this text in рус or eng

Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page