Учора ў штаб-кватэры германскага прафсаюзу IG BCE была ўрачыста адчыненая выстава, прысвечаная палітычным зняволеным у Беларусі. Сярод больш за паўтары тысячы палітычных зняволеных у Беларусі, сама меней, пяцьдзясят з'яўляюцца прафсаюзнымі актывістамі з дэмакратычных прафсаюзаў.

Гэтае мерапрыемства прыцягвае ўвагу нямецкай грамадскасці да парушэння правоў працоўных і тэрору ў адносінах да працоўнага руху ў Беларусі. За апошнія тры гады сотні сябраў прафсаюзаў, якія выказвалі сваю нязгоду з гвалтам і хлуснёй у краіне, былі падвергнутыя арыштам і турэмнаму зняволенню. Дзясяткі лідараў і актывістаў Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) былі арыштаваныя за антываенную пазіцыю. Усе чатыры незалежныя прафсаюзы і БКДП былі безапеляцыйна ліквідаваныя, а дзейнасць незарэгістраваных прафсаюзаў забароненая. Арышты на прадпрыемствах Беларусі праходзяць штодзень.
З гэтай прычыны Міжнароднай Арганізацыяй Працы (МАП) была прынятая беспрэцэдэнтная мера ў дачыненні да Беларусі - выкарыстанне 33 параграфа Статута, які дае членам МАП права прымяняць любыя мэтазгодныя меры для забеспячэння выканання рэкамендацый, пастаўленых перад беларускім урадам.

Выстава была адкрыта віцэ-старшынёй прафсаюза гарнякоў, хімікаў і энергетыкаў (IG BCE) Біргіт Бірман, якая адзначыла важнасць мерапрыемства:
- Часам, сярод інфармацыйных парадкаў дня, вайны ва Украіне і ў Ізраілі, мы можам страціць з-пад увагі лёс гэтых людзей, якія знаходзяцца ў турмах. Таму праца арганізацыі "Салідарнасць" мае вялікае значэнне. Мы разумеем, наколькі гэтая праца складаная і гатовыя вам у гэтым дапамагаць.
Яна нагадала, што ў 2022 годзе рада IG BCE прыняла рэзалюцыю з патрабаваннем вызвалення палітычных зняволеных прафсаюзных дзеячаў у Беларусі. "Не менш важнае патрабаванне свабоднай дзейнасці дэмакратычных прафсаюзаў у Беларусі і патрабаванне аднаўлення правоў працоўных".

Выканаўца абавязкаў БКДП Максім Пазнякоў падзякаваў ураду Германіі, прафсаюзам і асобным грамадскім дзеячам за дапамогу ў атрыманні прытулку ў ФРГ для прафсаюзных актывістаў і іх сем'яў. Ён расказаў пра сітуацыю ў Беларусі і лёсы зняволеных прафсаюзных актывістаў, падкрэсліўшы важнасць працягу барацьбы за свабодную і дэмакратычную Беларусь.
У больш афіцыйнай абстаноўцы прайшла сустрэча актыву арганізацыі "Салідарнасць" і лідараў IG BCE, на якой бакі абмяняліся ідэямі супрацоўніцтва, як унутры Германіі, так і ў міжнароднай прафсаюзнай дзейнасці.

Выстава ў Гановеры працягнецца тры тыдні. IG BCE плануе прыцягнуць увагу не толькі сябраў прафсаюза, але і шырокай грамадскасці. Акрамя прадстаўнікоў прафсаюзаў, у адкрыцці выставы прынялі ўдзел прадстаўнікі СМІ, беларускай дыяспары і іншых прафсаюзаў рэгіёна Ніжняя Саксонія.
Варта адзначыць, што падобная выстава ўжо прайшла ў цэнтральным офісе DGB у Брэмене. Пасля Гановера яе адкрыццё плануецца ў цэнтральным офісе DGB у Берліне, а таксама ў іншых нацыянальных прафсаюзных цэнтрах у розных краінах Еўропы.
Любы жадаючы бесперашкодна можа наведаць імпрэзу па адрасе: Königsworther Pl. 6, 30167 Hannover
Comments