top of page
Search

Вызначана дата суда над кіраўніцтвам БКДП

Стала вядома, што разгляд справы над лідарамі Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП) пачнецца 20 снежня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе

Вызначана дата суда над кіраўніцтвам БКДП
Сяргей Антусевiч, Аляксандр Ярашук, Iрына Бут-Гусаiм

Гаворка ідзе аб старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандру Ярашуку, намесніку старшыні — Сяргею Антусевічу і бухгалтарцы асацыяцыі прафсаюзаў — Ірыне Бут-Гусаім.


У залежнасці ад ролі кожнага, іх вінавацяць па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы)

Справу будзе разглядаць суддзя Валянціна Зянькевіч.


19 красавіка 2022 года ў кіраўніцтва і супрацоўнікаў офісу БКДП прайшлі ператрусы па месцы працы і па месцы пражывання. Была канфіскавана кампутарная тэхніка. Антусевіча, Бут-Гусаім і Ярашука затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Ім было прад'яўлена абвінавачанне: паводле папярэдняй інфармацыі, арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


У канцы лістапада стала вядома, што палітвязню Аляксандру Ярашуку прад'явілі новае абвінавачанне - заклікі да санкцый (арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Па гэтай частцы яму пагражае ад 4 да 12 год пазбаўлення волі. Пры гэтым сам прафсаюзны лідар адкрыта выступаў супраць увядзення санкцый у дачыненні да Беларусі.


У сваю чаргу, навіной аб затрыманнях кіраўніцтва БКДП былі ўзрушаны міжнародныя прафсаюзныя аб'яднанні, якія запатрабавалі вызваліць беларускіх прафсаюзных лідараў і спыніць рэпрэсіі супраць прафсаюзаў.


Генеральны сакратар Міжнароднай Аргнанізацыі Працы (МАП) Гай Райдэр выказаў «глыбокую заклапочанасць паведамленнямі аб затрыманнях прафсаюзных лідараў» у Беларусі. Ён заклікаў спыніць пераслед тых, хто мірным шляхам здзяйсняе ў гэтай краіне сваё права на свабоду аб'яднання. У лістападзе гэтага году МАП прыняла рашэнне аб ужыванні 33 параграфу свайго Статуту ў дачыненні да Беларусі, у якім гаворыцца:


«У выпадку, калі які-небудзь сябар арганізацыі не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі (калі такія ёсць), што ўтрымліваюцца ў дакладзе Камісіі па расследаваннях або ў рашэнні Міжнароднага суда, Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць канферэнцыі такія дзеянні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый».


Да канца сакавіка наступнага года МАП павінна выпрацаваць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Яны будуць уведзены, калі ў чэрвені на канферэнцыі працы за іх прагаласуюць 2/3 сябраў арганізацыі.

コメント


コメント機能がオフになっています。
bottom of page