top of page
Search

Ваш адпачынак пад пагрозай — калі наймальнік не мае права адмовіць?

Згодна з Працоўным кодэксам, зацверджаны графік водпускаў абавязковы да выканання як для работніка, так і для наймальніка. Наймальнік не мае права змяняць даты водпуску ў аднабаковым парадку, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Што рабіць у сітуацыі, калі працадаўца адмаўляецца выконваць графік водпускаў?


Ілюстратыўнае фота // unsplash.com
Ілюстратыўнае фота // unsplash.com

Чарговасць прадастаўлення працоўных водпускаў устанаўліваецца для калектыву работнікаў графікам працоўных водпускаў, які зацвярджаецца наймальнікам, а таксама ўзгодненым з прафсаюзам, калі такое ўзгадненне прадугледжана калектыўным дагаворам. Пры складанні графіка працоўных водпускаў наймальнік улічвае меркаванне работніка аб часе яго адыходу ў водпуск, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі і рэалізацыі права на водпуск іншых работнікаў, а таксама плануе чарговасць працоўных водпускаў (артыкул 168 Працоўнага кодэкса).


Графік працоўных водпускаў складаецца на каляндарны год не пазней за 5 студзеня або іншага тэрміну, устаноўленага калектыўным дагаворам, пагадненнем або ўзгодненага наймальнікам з прафсаюзам і даводзіцца да ведама ўсіх работнікаў.

Дата пачатку працоўнага водпуску вызначаецца па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам.


Таксама пры складанні графіка працоўных водпускаў наймальнік абавязаны запланаваць водпускі па жаданню асобных катэгорый работнікаў у летні або іншы зручны для іх час або ў пэўны перыяд (артыкул 168 Працоўнага кодэкса). Пры гэтым графік водпускаў з'яўляецца адным з дакументаў, які вызначае працоўны распарадак для работнікаў (артыкул 194 Працоўнага кодэкса).


Да абавязкаў наймальніка адносіцца забеспячэнне выканання заканадаўства аб працы, умоў, устаноўленых калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі, іншымі лакальнымі прававымі актамі і працоўнымі дагаворамі (артыкул 55 Працоўнага кодэкса). У сваю чаргу работнік абавязаны падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку, іншым дакументам, якія рэгламентуюць пытанні дысцыпліны працы, выконваць іншыя абавязкі, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных прававых актаў і працоўнага дагавора (артыкул 53 Працоўнага кодэкса).


Такім чынам, графік працоўных водпускаў павінен узаемна выконвацца работнікам і наймальнікам.

Больш за тое, наймальнік абавязаны паведаміць работніку аб часе пачатку працоўнага водпуску не пазней чым за 15 каляндарных дзён, за выключэннем выпадкаў, калі працоўны водпуск прадастаўляецца індывідуальна па папярэдняй дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам (артыкул 169 Працоўнага кодэкса).


Разам з тым змяніць час прадастаўлення працоўнага водпуску ў аднабаковым парадку наймальнік можа толькі ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 172 Працоўнага кодэкса, згодна з якім ён мае права датэрмінова прадаставіць працоўны водпуск усім або асобным катэгорыям работнікаў у выпадку нечаканага прыпынення работы ў сувязі з аварыяй, стыхійным бедствам, незабяспечанасцю энергарэсурсамі, сыравінай і па іншых выключных і загадзя не прадбачаных абставінах.


Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Read this text in рус

Commenti


I commenti sono stati disattivati.
bottom of page