24 лютага ў цэнтры Брэмена адбыўся шматлюдны мітынг прысвечаны першай гадавіне расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Па звестках паліцыі, на Рыначнай плошчы горада сабраліся 850 чалавек.
На мітынгу выступілі прадстаўнікі прафсаюзаў, нацыянальных аб'яднанняў, а таксама старшыня парламента Брэмена Франк Імхофф, бургамістр Брэмена Андрэас Бовеншультэ, каб выказаць падтрымку Украіне і асудзіць вайну.
У сваіх выступах яны падкрэслілі, што людзі былі ўзрушаныя гвалтам і жорсткасцю вайны. Бовеншульте заклікаў жыхароў Брэмена працягваць дапамагаць Украіне і падзякаваў ім за ўжо аказаную падтрымку:
- Мы касмапалітычны горад. Мы вітаем людзей з распасцёртымі абдымкамі, каб дапамагчы ім без агаворак. Тое самае было ўчора, будзе сёння і заўтра.
Ад імя аб'яднання беларусаў Германіі "Razam" і Асацыяцыі "Salidarnast" выступіла Лізавета Мерляк, якая адзначыла, што беларусы не хочуць ваяваць супраць Украіны:
- Я і многія іншыя былі вымушаныя ўцякаць з Беларусі з пачаткам вайны супраць Украіны. Тут, у Брэмене, мы знайшлі прытулак і новы дом. Я хацела бы падзякаваць гораду Брэмену і жыхарам гэтага горада за салідарнасць.
Па агульным меркаванні, вайны ў Беларусі няма. Але дэ-факта Беларусь акупаваная Расіяй, а калабарацыянісцкі рэжым Лукашэнкі ўзяў беларусаў у закладнікі. Цяпер у нечалавечых умовах утрымліваецца больш за 1500 палітвязняў, у тым ліку 30 нашых калегаў з дэмакратычных прафсаюзаў, за пратэсты супраць несправядлівасці ў Беларусі і вайны супраць Украіны. Многія беларусы, якія спрабавалі сабатаваць цягнікі з расійскай ваеннай тэхнікай у пачатку расійскага ўварвання, былі прыгавораны да 22 гадоў пазбаўлення волі.
Шараговыя беларусы не хочуць, каб наша краіна разам з Расіяй ваявала супраць Украіны. Многія беларусы робяць ахвяраванні для ўкраінскага войска, дапамагаюць украінскім уцекачам, тысячы беларускіх добраахвотнікаў ваююць на баку Украіны.
Але любы, хто заступіцца за Украіну ў Беларусі, у небяспецы. Любы, хто носіць сіне-жоўтае адзенне, слухае ўкраінскую поп-музыку або публічна выступае супраць вайны, можа быць арыштаваны і падвергнуты катаванням. У Беларусі беларусам не дазваляецца адкрыта несці свой уласны сцяг ці ўкраінскі сцяг, але мы будзем працягваць рабіць гэта тут, у Брэмене, і паўсюль, пакуль наша радзіма не стане свабоднай.
Як бы Расія ні трымала ў сваіх крывавых абдымках суседнія народы, мы маем права на самавызначэнне. Мы хочам і будзем выбіраць свой шлях самастойна, без дыктату якога-небудзь рэжыму.
З беспрэцэдэнтнай мужнасцю Украіна змагаецца за сваю свабоду, з вялікімі ахвярамі змагаецца і за ўсіх нас. Расія не пераможа Украіну, пакуль мы ўсе будзем цвёрда стаяць на іх баку. Украінцы маюць патрэбу і заслугоўваюць усёй салідарнасці і дапамогі, якую мы можам ім аказаць сёння, заўтра і пазаўтра.
Разам назаўжди! Жыве Беларусь! Слава Украіне!
У гэты дзень па ўсёй Германіі прайшлі шматлікія акцыі салідарнасці з Украінай. У знак салідарнасці фасад Брэменскага парламента з самай раніцы пятніцы быў падсветлены жоўтым і сінім украінскімі нацыянальнымі колерамі. У цэнтральных саборах Брэмена і Брэмерхафена, у тым ліку ў брэменскім саборы Святога Пятра і царквы Херц-Езу-Кірхе ў Брэмерхафене, прайшлі службы за мір.
У суседняй Ніжняй Саксоніі, у Гановеры і Лінгене, таксама прайшлі аналагічныя мерапрыемствы. Акрамя таго, тысячы людзей ушанавалі гэтую сумную гадавіну 50-кіламетровым жывым ланцугом паміж Аснабрюкам і Мюнстэрам.
Варта адзначыць, што Брэменсая зямля прытуліла больш за 10 тысяч бежанцаў з Украіны. Міграцыйная служба зарэгістравала ў агульнай складанасці каля 8200 грамадзян Украіны ў Брэмене. Брэменскае ўпраўленне ўнутраных спраў, горада Брэмерхафена паведаміла пра амаль 2600 украінскіх уцекачоў. Усяго будзе ад дзесяці да адзінаццаці тысяч чалавек.
Comentários